Жыцця імгненныя старонкі. 90-гадовы юбілей адсвяткаваў жыхар вёскі Амбросенкі Пётр Рыгоравіч Бабіч

Актуальное

Пётр Ягоравіч і Ксенія Аляксандраўна Бабічы ў свае 69 гадоў сумеснага жыцця

Людзі старэйшага пакалення, ветэраны, якія перажылі вайну і ліхалецце, нейкія асаблівыя: разважлівыя, тактоўныя. Можа таму, што ў сваім жыцці паспыталі шмат гора і нястач, а значыць,загартаваліся. Выхавалі дзяцей і тыя нібы птушкі паразляталіся ў розныя канцы.І сямейнае жыццё ў іх цяпер ідзе зладжана, размерана. Да такой думкі прывяла мяне нядаўняя сустрэча з цудоўнай сям’ёй Бабічаў. Дом іх у Амбросенках некалі быў пабудаваны на ўскрайку вёскі. Праўда, за імі была яшчэ вёска Мікалаёва, але яна даўно знікла з твару зямлі. Цяпер за будынкам распасціраюцца толькі палі ААТ “Даватарскі”.

У вольную хвіліну Пётр Рыгоравіч з жонкаю выйдуць у двор, прысядуць на лавачцы каля хаты, і міжволі пальюцца ўспаміны. А што застаецца рабіць у такім узросце? Пражылі яны вялізны кавалак жыцця. Калі Пётр Рыгоравіч яшчэ запражэ каня, якога трымае на падворку, і можа з’ездзіць у райцэнтр, то Ксенія Аляксандраўна далей ад свайго жытла нікуды, ногі ўжо не слухаюцца. У свае 84 гады яна адчула, што шмат дарожак перахадзіла і ў рэшце стамілася.

Для Пятра Рыгоравіча 14 верасня быў дзень асаблівы. Яму споўнілася 90 гадоў. Ён — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, мае шмат баявых узнагарод. Нястомна працаваў на роднай зямлі ў мірны час, якой ніколі не здраджваў.

Дарэчы, пражылі Ксенія Аляксандраўна і Пётр Рыгоравіч у міры і згодзе 69 гадоў. Часта ўспамінаюць, як да 16-гадовай вясковай прыгажуні прыйшоў у сваты такі ж прыгожы, статны, на пяць гадоў старэйшы хлопец. Але хутка грымнула вайна. Чакала свайго суджанага маладая жанчына. Пасля вайны нарадзілася ў сям’і трое дзетак. Хоць усе яны маюць свае сем’і, але не забываюцца пра бацькоў.

  90-гадовы юбілей прынёс ветэрану вайны і працы шмат прыемных хвілін. Павіншаваць П. Р. Бабіча прыехалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Даватарскі” Вольга Рыгораўна Вялічка. А вечарам сабраліся Бабічы разам з дзецьмі, аднавяскоўцамі за святочным сталом  і ліліся ўспаміны аб пражытых гадах, якія так хутка і няўмольна бягуць і жадалі здароўя і даўгалецця юбіляру.

Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *