Роўна год таму назад у нашым гарадскім пасёлку было адчынена аддзяленне дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту – структурнае падраздзяленне тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.Так у людзей, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, з’явілася выдатная магчымасць цікава і з карысцю для здароўя праводзіць свой вольны час. Пенсіянеры займаюцца фізкультурна-аздараўленчай гімнастыкай, вяжуць, вышываюць , займаюцца бісерапляценнем і нават вывучаюць камп’ютарную грамату. Акрамя гэтага, з наведвальнікамі аддзялення дзённага прабывання праводзіцца псіхалагічная работа, якая ўключае ў сябе дыягнастычныя заняткі, кансультацыі і трэнінгі.
Зрабіць сваё жыццё больш яркім, цікавым і насычаным прадстаўнікам паважанага узросту дапамагаюць загадчыца адзялення дзённага прабывання Святлана Эдуардаўна Тарарака і спецыяліст гэтай установы Інэса Мікалаеўна Туронак. Спецыялісты аддзялення імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб час, праведзены разам, прыносіў пенсіянерам радасць і задавальненне.
Звыш 40 пажылых людзей рэгулярна наведваюць гурток фізкультурна-аздараўленчай гімнастыкі і рухальнай рэабілітацыі “Бадзёрасць”, заняткі ў якім праводзіць Інэса Туронак. Маладая жанчына прапануе ўдзельнікам гуртка дазіраваныя нагрузкі з улікам узросту і захворванняў, якія, у пенсійным узросце, безумоўна, ёсць у кожнага. Для людзей, далёкіх ад спорту,існуе магчымасць вывучаць камп’ютарную грамату, у тым ліку і навучыцца карыстацца інтэрнэтам. А для прадстаўнікоў традыцыйнага баўлення часу арганізавана работа гуртка “ Вячоркі рукадзельніц”. Жанчыны, якія сюды прыходзяць , ствараюць арыгамі, вырабы з гофрапаперы, шыюць мяккія цацкі, плятуць з бісера, вяжуць і вышываюць — экспанатаў ужо сёння хапае на некалькі раённых выстаў, у якіх наведвальнікі аддзялення прымаюць актыўны ўдзел. Кожны дзень супрацоўнікі аддзялення праводзяць заняткі ў розных падгрупах.
З 2 квартала мінулага года функцыянуе пакой псіхалагічнай разгрузкі, які наведваюць пажылыя людзі, інваліды, а таксама супрацоўнікі аддзялення, каб палепшыць свой эмацыянальны стан, зняць нервовае напружанне і адчуванне неспакою. Асноўнымі метадамі работы пры правядзенні рэлаксацыйных заняткаў з’яўляюцца кветкатэрапія, музыкатэрапія, ароматэрапія, фітатэрапія, а таксама псіхалагічныя размовы.
Паслуга “Дзённы нагляд” прадастаўляецца пажылым непрацуючым людзям , якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту і маюць права на пенсію. У рамках такой паслугі чалавеку, якому неабходна дапамога, прапануюцца догляд, чаяпіцце, прагляд тэлеперадач, наведванне пакою псіхалагічнай разгрузкі. Пры неабходнасці, ёсць магчымасць навучыцца карыстацца камп’ютарам ці мабільным тэлефонам.Супрацоўнікі аддзялення аказваюць такі від паслуг у працоўныя дні з 8.00 да 17.00 гадзін, а родныя пажылога чалавека ў гэты час атрымліваюць магчымасць заняцца асабістымі справамі і не трывожыцца пра пажылога чалавека, якому па прычыне састарэлага ўзросту і слабага здароўя ўжо небяспечна заставацца аднаму.
Паслуга “Санаторый на даму” уключае ў сябе комплекс мерапрыемстваў санаторнага тыпу, а менавіта комплекснае аказанне сацыяльна-бытавых (у тым ліку арганізацыю бытавога харчавання), медыцынскіх ( масаж, фізіятэрапеўтычныя працэдуры, фітачаі і іншых) паслуг, а таксама арганізацыю адпачынку (міні-канцэрты, экскурсіі, выезды бібліятэкараў). “Санаторый на даму” прадастаўляецца пажылым, састарэлым грамадзянам, а таксама інвалідам першай і другой груп.
Аддзяленні дзённага прабывання пажылых людзей і інвадлідаў працуюць у цесным супрацоўніцтве.Так інструктары па працатэрапіі, як і самі інваліды, арганізуюць майстар-класы для пажылых людзей, вучаць іх даглядаць за пакаёвымі раслінамі, вырошчваць расаду аднагадовых кветак, вырабляць сувеніры і ляпіць з гліны.
У планах на 2016 год – арганізацыя валанцёрскага руху з дапамогай некаторых арганізацый нашага рэгіёну. Яго мэта – аказанне дапамогі адзінокім, адзінокапражываючым пажылым людзям, удзельнікам, ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі аддзялення вельмі ўдзячны усім сваім спонсарам за матэрыяльную падтрымку, якая дазваляе арганізаваць любое свята для пажылых людзей на належным узроўні.
А пакуль у аддзяленні ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб людзі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, успрымалі яго не як перыяд стомленасці і хандры, а як час для адкрыццяў і цікавага адпачынку. Паездка ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс горада Міёры, якая адбылася ў снежні мінулага года, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў, лепшае таму пацверджанне.


