23 студзеня Кліменцій Арсеньевіч Кожан адзначае 80-гадовы юбілей

Актуальное

988На адной з цэнтральных вуліц аграгарадка Германавічы, якая носіць назву імя Язэпа Драздовіча, размешчана цагляная сядзіба. Гаспадарыць у ёй паважаны ў нашай акрузе чалавек — заслужаны настаўнік БССР, краязнаўца Кліменцій Арсеньевіч Кожан. 23 студзеня, ён адзначае свой юбілей — 80-годдзе з дня нараджэння. Такая акалічнасць стала добрай нагодай, каб мы ў чарговы раз завіталі да Кліменція Арсеньевіча і пагутарылі з юбілярам.
— Кліменцій Арсеньевіч, наколькі нам вядома, вы карэнны шаркаўчанін, а дзе менавіта прайшлі вашы дзіцячыя і юнацкія гады?
— Нарадзіўся я ў вёсцы Балбекі. 1 верасня 1944 года пайшоў у першы клас Мнюцінскай пачатковай школы, якую закончыў у 1948 годзе. Пасля да 1951 года вучыўся ў Шкунцікаўскай няпоўнай сярэдняй школе. Дарэчы, абедзьве навучальныя ўстановы я закончыў з Пахвальнымі лістамі. А з 1951 па 1955 гады вучыўся ў Глыбоцкім педагагічным вучылішчы. Прага да адукацыі акрэсліла мой далейшы шлях, і ў 1955 годзе я паступіў на факультэт рускай мовы і літаратуры Белдзяржуніверсітэта.
— Куды вы атрымалі размеркаванне на працу пасля заканчэння БДУ?
— Мой працоўны шлях пачаўся з Браслаўшчыны. Тут я настаўнічаў у Карасінскай СШ, затым у Рудакоўскай васьмігодцы з 1960 па 1966 гады. Выкладаў рускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію.
— Напэўна, цяга да родных мясцін паспрыяла таму, што вы пераехалі ў Шаркаўшчыну?
— Канечне ж, быць бліжэй да бацькоўскай хаты хочацца кожнаму. Да таго ж прапанавалі пасаду школьнага інспектара ў раённым аддзеле адукацыі. Яшчэ немалаважным плюсам аказалася тое, што гараджанам выдавалі пашпарты. Але ў РАА я адпрацаваў толькі год. Землякі-калегі з Германавіцкай школы настойліва ўпрошвалі перайсці да іх. І вось нязменна на працягу 29 год я з’яўляўся настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а таксама гісторыі Германавіцкай сярэдняй школы.
— Кліменцій Арсеньевіч, узгадайце, калі ласка, пра той перыяд часу вашага настаўніцтва на малой радзіме. Што адметнага было ў ім?
— У Германавіцкай СШ я вёў вялікую грамадскую работу, быў прапагандыстам, лектарам па міжнародных і ідэалагічных пытаннях, кіраўніком міжшкольнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, старшынёй пярвічнай арганізацыі таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Шэсць год з’яўляўся сакратаром тэрытарыяльнай партарганізацыі пры Германавіцкім сельсавеце. Яшчэ ў Браслаўскім раёне зацікавіўся краязнаўствам. На малой радзіме прадоўжыў гэту справу. Збіраў матэрыялы па гісторыі свайго краю ў бібліятэках і архівах Мінска, Вільнюса, Рыгі, Віцебска, Глыбокага, Падольска (Маскоўская вобласць). Плён гэтай працы адлюстраваны на старонках гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць”. Шаркаўшчынскі раён.”
— Але і знаходзячыся на заслужаным адпачынку, вы па-ранейшаму працягваеце актыўную работу ў справе вывучэння роднага краю і яго знакамітасцей.
— Так, сапраўды. Пасля выхаду на пенсію з 1998 па 2007 гады яшчэ працаваў навуковым супрацоўнікам Германавіцкага музея культуры і быту. Ды і зараз па меры таго, як дазваляе стан здароўя, стараюся ўдзельнічаць у краязнаўчых канферэнцыях, чытаннях, круглых сталах, прысвечаных вывучэнню гістарычнага мінулага нашай радзімы. Працягваю пісаць артыкулы для сродкаў масавай інфармацыі на краязнаўчую тэматыку. Падтрымліваю перапіску са сваімі сябрамі-аднадумцамі з Беларусі, краін бліжняга і дальняга замежжа.
— У цяперашні мітуслівы час, час развіцця высокіх тэхналогій, калі чалавек усё больш аддае перавагу зносінам праз электронныя носьбіты і пошуку інфармацыі ў іх, ці засталіся яшчэ такія людзі, якія цікавяцца гісторыяй, мінулым, прагна гартаюць аркушы архіўных дакументаў, каб ведаць свой радавод, сваіх продкаў?
— Краязнаўства мае важнае адукацыйнае і выхаваўчае значэнні. Нездарма гэтаму накірунку ў школах надаецца вялікая ўвага. Бо, як сказана, хто не ведае свайго мінулага, у таго няма і будучыні. Асабіста мяне вельмі радуе, што праца, якой я займаюся некалькі дзесяцігоддзяў, не застаецца не заўважанай. Я заўсёды рады дапамагчы і настаўнікам, і вучням школ, якія звяртаюцца да мяне па дапамогу ў пошуку таго або іншага гістарычнага матэрыялу, а такіх людзей, на шчасце, нямала.
— Дзякуй вам, Кліменцій Арсеньевіч, за гутарку! Жадаем вам трывалага здароўя, плённай працы на карысць радзімы і прыміце нашы віншаванні з юбілеем!
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *