У Шаркаўшчынскім РАНС павіншавалі з юбілеем былога супрацоўніка — Сяргея Шошына

Актуальное

С. І. Шошын з кіраўніцтвам РАНС
С. І. Шошын з кіраўніцтвам РАНС

У другі дзень лютага ў актавай зале раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сабраліся афіцэры і асабовы састаў РАНС. Нагодай таму і стала ўручэнне падарунка і віншаванні з юбілеем былому супрацоўніку — Сяргею Іванавічу Шошыну. Напярэдадні ён адзначыў 50-годдзе з дня свайго нараджэння.
Сяргей Іванавіч пасля заканчэння Львоўскага пажарна-тэхнічнага вучылішча ў 1993 годзе пачаў сваю працоўную дзейнасць у пажарным наглядзе аддзела ўнутраных спраў Шаркаўшчынскага райвыканкама. У той час пажарныя часці краіны падпарадкоўваліся Міністэрству ўнутраных спраў. Паступова малады чалавек набіраўся вопыту і прафесіяналізму ў сваіх старэйшых калег па службе. У 1998 годзе ён становіцца начальнікам каравула, а з 2005 года і да выхаду на заслужаны адпачынак Сяргей Іванавіч з’яўляўся інспектарам інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Шаркаўшчынскага РАНС.
У сваім віншаванні, адрасаваным юбіляру, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч падкрэсліў, што Сяргей Іванавіч не проста з’яўляўся дысцыплінаваным і кваліфікаваным спецыялістам, з яго яшчэ бралі прыклад маладыя калегі, таму што вопытны работнік заўсёды прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы мерапрыемстваў па забеспячэнні пажарнай бяспекі, значную ўвагу надаваў прафілактычнай рабоце па прадухіленні пажараў пры непасрэдных сустрэчах з кіраўнікамі і працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна.
Нават цяпер, калі Сяргей Іванавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ён займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, узначальвае Шаркаўшчынскае раённае аддзяленне Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях “Выратавальнік”.
— Вольнага часу ў мяне хапае, — кажа нам юбіляр, — але без справы не сяджу: занятых хатнімі справамі, працую на зямельным участкам. Улетку і восенню збіраю грыбы, ягады. А вось галоўнае маё хобі — рыбалка, без гэтага занятку, які дае магчымасць адпачыць з карысцю, не ўяўляю сябе.
Таму, напэўна, і былыя саслужыўцы, ведаючы пра захапленне юбіляра, уручылі Сяргею Іванавічу адпаведны падарунак — зімовы і летні касцюмы рыбалова і пажадалі: “Ні хваста, ні лускі!”
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *