Пажарны-выратавальнік — прафесія для сапраўдных мужчын і не толькі

Служба 101

Дзяўчаты-курсанты Анастасія Ласоўская і Крысціна Курэц
Дзяўчаты-курсанты Анастасія Ласоўская і Крысціна Курэц

Цяпер перад выпускнікамі сярэдніх школ стаіць пытанне: куды пайсці вучыцца, якую выбраць прафесію, у якой галіне зрабіць кар’еру. Частка адзінаццацікласнікаў ужо акрэсліла свой далейшы жыццёвы шлях, а некаторыя яшчэ стаяць на ростані і да канца не вызначылі, якой навучальнай установе аддаць перавагу, каб у будучым прыносіць карысць і сабе, і грамадству.
1 лютага для вучняў старэйшых класаў сярэдніх школ гарадскога пасёлка былі праведзены сустрэчы-гутаркі профарыентацыйнай накіраванасці. Арганізаваў іх намеснік начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Міхайлавіч Ліпскі сумесна з курсантамі Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь і Гомельскага інжынернага інстытута. Навучэнцы вышэйшых навучальных устаноў — выпускнікі школ Шаркаўшчынскага раёна. Гэта Аляксей Казлоўскі, Сяргей Лагунёнак, Васілій Кашэль, Ілля Шчабол, а таксама двое дзяўчат Анастасія Ласоўская і Крысціна Курэц.
У пачатку гутаркі Валерый Міхайлавіч падкрэсліў, што служба ў радах пажарных-выратавальнікаў ганаровая і прэстыжная. Афіцэры МНС сёння карыстаюцца заслужанымі аўтарытэтам і павагай у насельніцтва. Многія з іх за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выратаванні людзей, узнагароджаныя ордэнамі і медалямі.

пра вучобу ў Камандна-інжынерным інстытуце расказвае Ілля Шчабол
пра вучобу ў Камандна-інжынерным інстытуце расказвае Ілля Шчабол

Пра вучобу, будні і святы ў Камандна-інжынерным інстытуце МНС РБ паведаміў курсант дадзенай ВНУ Ілля Шчабол. У прыватнасці, ён агучыў інфармацыю, якой зацікавіліся выпускнікі школ. Курсант засяродзіў увагу на тым, што паступленне ў установы МНС дае шэраг прывілеяў. Гэта поўнае дзяржаўнае забеспячэнне пражывання, харчавання, забеспячэнне форменным абмундзіраваннем, стыпендыя ў памеры 2 мільёны 100 тысяч рублёў. Пры вучобе на адзнакі 7 і 8 курсанту дадаткова даплочваецца 30 працэнтаў ад гэтай сумы, пры адзнаках 9 і 10 — 50 працэнтаў ад стыпендыі. Акрамя гэтага, падчас чатырохгадовай вучобы на дзённым аддзяленні курсанты маюць магчымасць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В”, скарыстаць права бясплатнага праезду да месца правядзення канікулярнага водпуску два разы ў год па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння ВНУ выпускніку прысвойваюцца званне “лейтэнант унутранай службы” і кваліфікацыя “інжынер па прадухіленні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”, якая на сённяшні дзень заключаецца ва ўмелым кіраўніцтве пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, сур’ёзнай інжынернай падрыхтоўцы, што дазваляе распрацоўваць мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне абароны ад надзвычайных сітуацый, укараняць эфектыўныя рашэнні ў галіне пажарнай бяспекі пры праектаванні і будаўніцтве аб’ектаў. Курсанты, якія закончылі інстытут, маюць гарантаванае месца службы, дзяржаўнае страхаванне, медыцынскае абслугоўванне, адзін раз у год бясплатны праезд па тэрыторыі краіны да месца правядзення водпуска і назад.
Валерый Міхайлавіч Ліпскі акцэнтаваў увагу школьнікаў на тым, што на базе Гомельскага інжынернага інстытута дзейнічае спецыялізаваны ліцэй, у які прымаюцца вучні пасля заканчэння 6 класа. Ліцэй забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. З 2009 года 95 працэнтаў яго выпускнікоў сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў краіны, 66 працэнтаў — курсантамі ВНУ МНС Рэспублікі Беларусь.
З 1 верасня мінулага года ў Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы арганізавана падрыхтоўка юнакоў па спецыяльнасці “прадухіленне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” з тэрмінам навучання 2 гады і 10 месяцаў.
Тыя, хто зацікавіўся і мае жаданне паступіць у навучальныя ўстановы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, могуць звяртацца за больш падрабязнай інфармацыяй у Шаркаўшчынскі РАНС.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *