У наш імклівы час , ўсё радзей сустракаюцца моцныя сямейныя пары,у якіх муж і жонка ўсё жыццё пражылі разам і дастойна выхавалі сваіх дзяцей. Да іх ліку, без сумнення можна аднесці сям’ю Аркадзія Мартынавіча і Анастасіі Мяфодзьеўны Крыўко з вёскі Крыўкі Лужкаўскага сельскага Савета, якія нядаўна адзначылі сваё «залатое” вяселле. Дачакацца такой падзеі даводзіцца нямногім, усё ж палова стагоддзя – значны адрэзак жыцця. Але нягледзячы ні на што, муж і жонка дастойна прайшлі праз усе цяжкасці і выпрабаванні, што падрыхтаваў для іх лёс, выхавалі дваіх сыноў і ўнука і пры гэтым захавалі каханне, узаемаразуменне і цёплыя пачуцці адзін да аднаго.
І Аркадзій Мартынавіч і Анастасія Мяфодзьеўна нарадзіліся і выраслі ў вёсцы Крыўкі, у якой потым пабудавалі свой дом і пражылі разам усё жыццё. Анастасія Мяфодзьеўна на працягу 10 гадоў была паштальёнам, потым малаказборшчыцай,а перад выхадам на пенсію працавала ў лясніцтве. Аркадзій Мартынавіч, пасля таго як атрымаў правы трактарыста, быў задзейнічаны ў меліярацыі. Але асноўным месцам яго прафесійнай дзейнасці стала Лужкаўскае лясніцтва, у якім значны адрэзак свайго жыцця мужчына адпрацаваў лесніком. Муж і жонка выхавалі дваіх дзяцей. Сыны Мікалай і Міхаіл таксама пражываюць у вёсцы Крыўкі. Старэйшы сын, як і ў свой час бацька, звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай. Мікалай працуе вальшчыкам лесу ў Лужкаўскім лясніцтве. Унук Аляксей з’яўляецца студэнтам Аршанскага каледжа харчавання і ў будучым плануе стаць тэхнікам-тэхнолагам.
І сёння, ужо даволі працяглы час знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не трэба, як раней раніцай спяшацца на працу. А значыць больш увагі можна ўдзяліць адзін аднаму, дзецям, унуку, самым блізкім і родным людзям. Тым больш , што ўсе яны пражываюць непадалёку, а малодшы сын Міхаіл – разам з бацькамі. З’явіўся час для таго, каб успомніць самыя важныя падзеі ў жыцці сваёй дружнай сям’і, а іх у “залатых” юбіляраў за 50 гадоў сумеснага жыцця, безумоўна, было нямала.