
19 лютага ў глядзельнай зале раённага Цэнтра культуры прайшоў выніковы сход работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У яго рабоце прынялі ўдзел кіраўніцтва дадзенага аддзела, спецыялісты ўстаноў культуры, намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна па ідэалагічнай рабоце.
На пачатку да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома. Яна падвяла вынікі ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах раёна за мінулы год, акрэсліла асноўныя напрамкі на 2016 год. Першачарговай задачай у ідэалагічнай дзейнасці, па яе словах, павінна быць інфармацыйна-тлумачальная і выхаваўчая работа ў працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства. Дзеля гэтага пры раённым выканаўчым камітэце створаны 7 інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, 6 — пры сельвыканкамах, 18 — у працоўных калектывах. Кожны трэці чацвер месяца, калі праводзіцца адзіны дзень інфармавання, групы сустракаюцца з працоўнымі калектывамі і з насельніцтвам, праводзяць гутаркі па вызначаных тэмах. 318 такіх сустрэч прайшло за мінулы год у працоўных калектывах, 177 — з насельніцтвам. Паступілі 102 пытанні і прапановы, якія былі ўзяты пад кантроль для далейшага вырашэння. У бягучым годзе практыка правядзення адзіных дзён інфармавання будзе працягвацца.
Затым Людміла Уладзіміраўна ўручыла Падзякі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама кіраўніцтву некаторых дзяржаўных арганізацый і прыватных структур за аказанне спонсарскай дапамогі ўстановам культуры раёна. Узнагароды атрымалі ААТ “Жвіранка”, “Буеўшчына”, “Ельня-Агра”, “Даватарскі”, “Васюкі”, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, прыватнае прадпрыемства “Камплект-М”, індывідуальныя прадпрымальнікі Алена Зорына, Людміла Кукоўская і Марына Ломаць.
З дакладам “Аб выніках работы ўстаноў культуры раёна за 2015 год, планах і задачах на бягучы год” выступіла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Мар’янаўна Шынкевіч. На сённяшні дзень у раёне налічваецца 47 устаноў культуры, у якіх працуюць 209 чалавек. Дзевяць калектываў маюць званне “народны” і “узорны”. За мінулы год работнікі ўстаноў культуры прынялі ўдзел у больш чым дваццаці абласных, рэспубліканскіх і міжнародных святах, фестывалях, конкурсах.
Традыцыйна ў нашым раёне праходзяць штогадовыя фестывалі “Каляровыя сны”, “Прыдзісненскія крыніцы”, Купалле ў аграгарадку Германавічы і іншыя. Летась статус абласнога культурна-масавага мерапрыемства набыло свята “Яблычны Фэст” у Алашках. Іна Мар’янаўна падкрэсліла, што да гэтай мэты і кіраўніцтва аддзела, і работнікі культуры крочылі многа год. Цяпер асноўнай задачай з’яўляецца папулярызацыя дадзенага фестывалю і яго далейшае пашырэнне за межы не толькі вобласці, але і краіны. Немалаважным крокам у гэтым накірунку з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Шаркаўшчынскім раёнам і Даўгаўпілскім краем Латвійскай рэспублікі. Творчы ўзаемаабмен калектываў мастацкай самадзейнасці, несумненна, узбагачае іх вопыт, дае штуршок для далейшага развіцця і самаўдасканальвання.
Работнікі ўстаноў культуры паспяхова займаюцца рэалізацыяй дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Пацверджаннем таму з’яўляецца праведзены ў мінулым годзе конкурс на вышэйазначаную тэму. Граматы і грашовыя прэміі за лепшую пастаноўку работы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі атрымалі структурныя падраздзяленні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама: Шаркаўшчынская дзіцячая школа мастацтваў, цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, раённы Цэнтр культуры. Прызавыя месцы ў гэтым конкурсе занялі таксама і некаторыя работнікі: Аксана Міронава — хормайстар РЦК, Іван Русецкі — настаўнік Шаркаўшчынскай ДШМ, Анастасія Буда — бібліятэкар раённай бібліятэкі.
З дакладамі аб рабоце ўстаноў выступілі загадчыкі Лужкаўскага СДК — Святлана Грыдзюшка, Зоркаўскага СК — Ірына Хаданёнак, дзіцячай бібліятэкі — Тамара Паляк і кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Кацярына Сосна.
У рабоце выніковага сходу прыняў удзел намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч Васілеўскі. Ён ва ўрачыстай атмасферы ўручыў Падзячнае пісьмо Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кіраўніку народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Кацярыне Мар’янаўне Сосна. Падзяка кіраўніка раёна ўручана сакратару Ліліі Міхайлаўне Ліпскай. Намеснік старшыні райвыканкама ўзнагародзіў дыпломамі і грашовымі прэміямі арганізацыі, якія сталі пераможцамі ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы. Першае месца заваяваў калектыў ААТ “Даватарскі”, другое месца ў Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак, трэцяе — у Іёдскай ДС-СШ.
Завяршыўся справаздачны сход канцэртам з удзелам гурта “Каліна” Ваюкоўскага СДК і ансамбля Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў.































