Адной з самых яркіх і запамінальных падзей нашага рэгіёну ў першы дзень вясны стаў канцэрт “Алімп талентаў”, у якім прынялі ўдзел лепшыя творчыя калектывы раённага Цэнтра культуры. Свае музычныя кампазіцыі на суд журы і гледачоў прадстаўлялі выдатныя музыканты, калектывы, артысты, многія з якіх ужо з’яўляюцца пераможцамі многіх прэстыжных конкурсаў і фестываляў. У іх ліку народны хор “Спадчына” (кіраўнік Жанна Русак), фальклорны калектыў “Купалінка” (кіраўнік Надзея Вайцюль), узорны тэатр песні “Маленькая фея (кіраўнік Вера Шуман), калектывы усходняга танца “Айша” і “Бісер” (кіраўнік Аксана Міронава), дзіцячы ансамбль народных інструментаў “Журавінка” (кіраўнік Мечыслаў Касцюк), узорны цыркавы калектыў “Мара” (кіраўнік Віталій Дарашчонак), вакальны ансамбль “Лужкаўскія песняры” (кіраўнік Сяргей Гамановіч), аркестр выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў, калектыў “Февраль” (кіраўнік Таццяна Крыўко), народнае аматарскае аб’яднанне авангарднай моды “Гармонія” (кіраўнік Вольга Сташкевіч) і эстрадная група “Рэзананс” (кіраўнік Жанна Пундзіс).Першы вясновы канцэрт праходзіў у якасці занальнага адборачнага тура абласнога агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці творчых калектываў і выканаўцаў Віцебскай вобласці. Яго ацэньвала кампетэнтнае журы ў склад якога ўвайшлі прадстаўнікі самых значных на Віцебшчыне ўстаноў культуры. Імёны пераможцаў будуць названыя пазней, пасля правядзення адборачных тураў ва ўсіх рэгіёнах вобласці. А пакуль хочацца адзначыць, што напачатку 2016 года, які ў нашай краіне праходзіць пад знакам культуры, усе шаркаўшчынскія артысты, і дарослыя выканаўцы, і яшчэ зусім юныя “зорачкі” дастойна прадставілі свой рэгіён на конкурсе і ў чарговы раз прадэманстравалі прафесіяналізм і высокі ўзровень выканаўчага майстэрства. А абаяльныя вядучыя Юлія Протас, Яна Турко і Таццяна Лаздоўская, якія на ўрачыстасці выступілі ў ролі муз, што валадарствуюць ў царстве мастацтва, дапамаглі стварыць атмасферу свята і ўзняць настрой усім гледачам. Мерапрыемства прайшло пад дэвізам “Беларусь на шляху да культуры міру”.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.


























