Праходзячы міма райнарыхтпрама, заўважыў паўным-паўнютка наладаваную мяхамі з яблыкамі легкавушку: поўны багажнік, заднія сядзенні і нават пярэдняе. Калі машыны завіхаўся пажылы мужчына. Ён хутка і спрытна, не марудзячы, пераносіў мяхі з машыны ў памяшканне прыёмнага пункта, дзе складаў іх на вагі. Не маглі прамінуць міма і пацікавіліся, хто ён і адкуль. Гэта аказаўся Савелій Цярэнцьевіч Міхайлаў, жыхар вёскі Шкялі.
— Мяхоў пятнаццаць прывёз, — сказаў ён. — Яблыкі са свайго саду, антонаўка, грыштэйн, папінка. Ураджай у параўнанні з мінулымі гадамі сёлета не надта вялікі. Але ўсё адно ёсць, што назбіраць і здаць.
— Гэта адзін з лепшых нашых здатчыкаў — гаворыць загадчыца магазіна № 21 Лена Георгіеўна Анецька, — на яго рахунку ўжо паўтары тоны здадзеных яблыкаў. Так, тут 214 кілаграмаў, — вызначае яна вагу складзеных гарой 8 мяхоў. — Здымайце і накладвайце наступныя.
Што ж, не хацелася далей замінаць Савелію Цярэнцьевічу. Тым болей, простыя арыфметычныя падлікі мы можам зрабіць і самі. Яблыкі прымаюць па 1250 рублёў за кілаграм, гэта значыць кожныя 100 кілаграмаў здадзеных яблыкаў прынясуць яму болей за 100 тысяч рублёў. Вось такі прыбытак ад уласнага саду.
Андрэй БУРЭЦ
