Некалькі дзён назад адзначалася светлае і цудоўнае свята — Дзень маці. Аб жанчыне-маці шмат сказана і напісана: ёй прысвячаюць літаратурныя творы пісьменнікі, узнёслым лірычным радком услаўляюць паэты, у яе гонар складаюць песні кампазітары. Ва ўсе часы таленавітыя людзі аддавалі ў сваёй творчасці даніну павагі і пашаны жанчыне-маці. Аднак якія б словы ні гучалі ў яе адрас на самых розных узроўнях ад вядомых і знакамітых людзей, для кожнай самым жаданым і кранаючым становіцца прызнанне іх дзяцей. Рэдакцыйная пошта атрымлівае шмат допісаў, прысвечаных матулям. Іх мы заўсёды з задавальненнем друкуем іх на старонках раённага перыядычнага выдання.
Дыяна ЛАЎРЫНОВІЧ, вучаніца Шаркаўшчынскай СШ № 1:
— Маці… Слова ад якога робіцца так лёгка і прыемна на душы. Для кожнага чалавека маці — гэта жанчына, якая падаравала жыццё, якая выхоўвае нас. Матуля — самы лепшы сябар у цяжкую хвіліну. Кожная маці зробіць для свайго дзіцяці ўсё магчымае і немагчымае. Калі ў нас добра на душы, да каго мы пойдзем у першую чаргу? Канешне, да маці і яна разам з намі падзеліць наш поспех, а часам і нашы няўдачы. А калі мы хварэем, маці сядзіць побач з намі. Толькі яна любіць нас, як ніхто болей.
А мы ў сваю чаргу павінны берагчы, шанаваць і любіць сваіх матуль. Таму што да той пары, пакуль жыве маці, пакуль нас сустракае яе ласкавая ўсмешка, пакуль можна падзяліцца з самым родным чалавекам і горам, і радасцю, мы застаёмся дзяцьмі, адчуваем сябе надзейна і абаронена.
Шмат цёплых і шчырых слоў хочацца выказаць маёй любай матулі, якая з маленства аддавала мне ўсю сябе не шкадуючы ні сіл, ні часу. А вельмі люблю цябе, родная!
Вераніка РАБІЗА, вучаніца Велікасельскай СШ-сада:
— Для кожнага чалавека яго мама — адзіная ў свеце. Для мяне таксама мая матуля — самая лепшая, самая добрая, самая-самая… Яна — настаўніца пачатковых класаў. Гэта вельмі складаная работа, бо трэба навучыць малышоў чытаць, пісаць, рашаць задачкі, пазнаёміць з навакольным светам. Педагогіцы мама прысвяціла ўжо 21 год. Гэта справа падабаецца ёй, хоць і патрабуе шмат часу і сіл.
Мая мама — добрая гаспадыня. У доме заўсёды парадак і чысціня. Гэтаму яна вучыць і нас з братам. Яна смачна гатуе, летам і восенню робіць розныя нарыхтоўкі на зіму. Мы ёй у гэтым дапамагаем.
Мама вельмі любіць кветкі. Каля дому ў нас іх расце вельмі шмат. Нават восенню надта прыгожа: цвітуць астры, геаргіны, хрызантэмы. Даглядаць за кветнікамі мне таксама падабаецца.
І ў выхадныя дні, якія прызначаны для адпачынку, мамачка знаходзіць занятак у доме ці на вуліцы, завіхаецца, нібы пчолка. Калі ж надараецца вольны час, яна вельмі любіць чытаць кнігі. Гэта захапленне перадалося і мне з братам. А яшчэ я люблю быць з ёй побач, размаўляць на розныя тэмы, якія мяне цікавяць, дзяліцца сваімі сакрэтамі. З мамачкай так цудоўна і спакойна. Якое гэта шчасце — прыхінуцца да яе, абняць і сядзець так доўга-доўга, адчуваючы яе ласкавыя рукі, якія пяшчотна гладзяць па валасах!
Хочацца сказаць маёй мамачцы вялікі дзякуй за яе цяжкую і адказную работу, самую галоўную ў жыцці — любіць і выхоўваць дзяцей.
Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК
