Як захаваць каханне праз гады. Сакрэтамі дзеліцца сямейная пара Аляксандра Мікалаевіча і Зоі Уладзіміраўны Пронькаў, што адсвяткавалі нядаўна залаты юбілей

Актуальное

Зоя Уладзіміраўна і Аляксандр Мікалаевіч: у поглядах усё тая ж любоў адно да аднаго

Да сям’і Аляксандра Мікалаевіча і Зоі Уладзіміраўны Пронькаў, што жывуць у вёсцы Гуркі, мы завіталі не выпадкова. Справа ў тым, што яны 15 кастрычніка адсвяткавалі залаты юбілей, 50 гадоў сумеснага жыцця, гэта, як кажуць, не жарты. У дагледжаным вялікім доме яшчэ відаць сляды ўрачыстасці: прыгожыя каляровыя надпісы з віншаваннямі, зробленыя ўнучкамі, стос падарункаў і, канешне, мноства прыгожых кветак. Без сумнення, падчас юбілею было шмат весялосці, бо прыехалі сын Уладзімір з Браслава і дачка Алена з Глыбокага са сваімі сем’ямі. Трэба сказаць, што юбілярам проста шчасціць на ўнучак — чацвёра прыгажунь. Вось цяпер чакаюць, калі тыя парадуюць іх праўнукамі. Таксама завітала ў госці родная сястра Зоі Уладзіміраўны Марыя з далёкага расійскага горада Дэрбента, яна, дарэчы, з’яўляецца равесніцай вяселля, нарадзілася якраз перад тым, як сястра выйшла замуж.
Аляксандр Мікалаевіч і Зоя Уладзіміраўна ў прошлым добрыя працаўнікі, ён адпрацаваў механізатарам, яна была спачатку занятая на паляводстве, потым збірала малако. Адным словам, напоўненае працаю жыццё, звычайнае для вясковых жыхароў. Але як прычынай нашага наведвання стаў залаты юбілей, то мы, канешне, асноўную ўвагу ў размове звярнулі на справы сямейныя. Як, напрыклад, яны пазнаёміліся? Цікава, што Аляксандр Мікалаевіч на 9 гадоў старэйшы за жонку. «Я яшчэ перад арміяй, як працаваў у калгасе трактарыстам, часта пакідаў каля іх дома трактар, — расказвае ён. — Дык, памятаю, усё бегала там маленькая бялявая дзяўчынёха. А вярнуўшыся з арміі, сустрэў на танцах у Якубове прыгожую дзяўчыну, якая адразу прыглянулася мне. І як толькі споўнілася ёй 18 гадоў, згулялі вяселле».

вясельны фотаздымак, маладыя і прыгожыя Зоя і Аляксандр

У цяперашнія часы, калі развод сярод маладых сем’яў з’ява даволі частая, мы, вядома, скарысталі магчымасць і спыталі ў залатых юбіляраў, у чым заключаецца сакрэт іх доўгага, як відаць, шчаслівага сумеснага жыцця.
— Усялякае бывала ў жыцці, — расказвае Зоя Уладзіміраўна. — У нас вось дачка першая маленькая памерла, перажывалі вельмі. Цяпер вось часам мы можам пасварыцца, для разнастайнасці, а тады памаўчым і забудзем. А так муж мне ва ўсім дапамагае, дзе цяжкі кацёлок на пліту падставіць, дзе паднясе што. Як маладая была, я сама спраўлялася, ды і ў яго часу не было. А цяпер сілы ў мяне ўжо не тыя, а такая дапамога і ўвага вельмі прыемныя.
— У мяне вось дзядзька разумны быў, — падключаецца да размовы Аляксандр Мікалаевіч. — Дык мне і цяпер помняцца яго словы, якія ён сказаў мне перад вяселлем: «Дзяўчыну ты бярэш, бачу, добрую. Але памятай, што жыццё цалуючыся не пражывеш. Трэба ўмець адно аднаму саступаць і адно аднаго разумець».
Але ўсё адно пацалункаў у жыцці гэтай сямейнай пары хапала. Ва ўсялякім разе такое ўражанне склалася ў мяне, калі я прагартаў іх сямейны фотаальбом. Што не здымак, то Аляксандр Мікалаевіч і Зоя Уладзіміраўна ў палкім пацаланку. Гэта ўжо ў сталым узросце, а ці тое было ў маладосці. Ды вось і цяпер добра заўважна, што, пражыўшы 50 гадоў разам, Аляксандр Мікалаевіч і Зоя Уладзіміраўна глядзяць адно на аднаго з замілаванасцю і любоўю, а ў іх адносінах адчуваецца ўзаемапавага.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *