Працаўнікі сяла: аператар машыннага даення ААТ «Княж» Людміла Хаданёнак

Актуальное

У конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод моладзі, які ў гэтым годзе праходзіў у ААТ “Княж”, перамогу атрымала аператар машыннага даення Людміла Хаданёнак. Маладая жанчына пражывае ў вёсцы Каралева, працуе на малочна-таварнай ферме ў гэтым жа населеным пункце. Зараз на яе ўтрыманні група цялушак у колькасці 60 галоў.
Праца ў сельскагаспадарчай вытворчасці  не з разраду лёгкіх, тут патрэбны і фізічная вынослівасць, і адказнасць, і добрасумленныя адносіны да справы. Але цяжкасці Людмілу не палохаюць. Тым больш, што яна ўжо даўно навучылася іх пераадольваць. Нарадзілася гераіня гэтага матэрыялу ў вёсцы Сталіца, расла без бацькоў, выхаваннем дзяўчынкі займалася бабуля. Пасля заканчэння школы трэба было ўладкоўвацца на працу, і Людміла вырашыла не шукаць лёгкага хлеба, засталася ў роднай гаспадарцы. Аператарам машыннага даення яна працуе ўжо на працягу 16 гадоў, у ААТ “Княж” характарызуецца як адна з лепшых работніц, старанная і адказная. Людміла Юр’еўна выдатна ведае сваю справу, умее абыходзіцца са статкам і абсталяваннем, асвойвае сучасныя тэхналогіі.
Ды і дома спраў, як і ў кожнага вясковага чалавека, у Людмілы хапае. У маладой маці ўжо падраслі памочніцы: старэйшая Мілана вучыцца ў 7 класе, Віталіна — у чацвёртым. Муж Іван родам з вёскі Каралева, працуе механізатарам на той жа малочна-таварнай ферме, што і жонка. Вясковая сям’я ўтрымлівае вялікую гаспадарку: на падворку можна ўбачыць дзвюх кароў, свіней, курэй і вутак, ды і прысядзібны ўчастак зусім немаленькі.
Жыццё на сяле ніколі не было простым, і вяскоўцы прывыклі шмат працаваць. За дзень, часам, паспяваюць столькі, што гарадскі чалавек ўявіць сабе не можа. Вось і Людміла з Іванам імкнуцца зрабіць усё ад іх залежнае, каб дзеці жылі ў дастатку.
А. ЧАРНЯЎСКАЯ,
спецыяліст па рабоце з моладдзю ААТ “Княж”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *