Смех, жарты, радасныя апладысменты гледачоў гучалі ў адзін з сакавіцкіх дзён у Жукоўшчынскім сельскім клубе. Тут на сцэне мясцовай установы культуры з поспехам для самадзейных артыстаў і з вялікім захапленнем для публікі прайшла пастаноўка камедыі беларускага пісьменніка Леапольда Родзевіча “Конскі партрэт”.
Як не дзіўна, але ў апошнія гады ажыло культурнае жыццё ў Жукоўшчыне. Болей таго, загадчыца культустановы Надзея Кіраенка змагла зацікавіць нешматлікую моладзь і прадстаўнікоў старэйшага пакалення да занятку ў гуртках мастацкай самадзейнасці.
Удзельнікі тэатральнага гуртка “Іскроўцы” ужо ажыццявілі пастаноўкі п’ес “Паўлінка” і “Збянтэжаны Саўка”. Іх выступленні праходзілі ў Жукоўшчыне, у Алашках і Зямцах, і кожнае гледачы віталі бурнымі апладысментамі. Назва гуртка нарадзілася невыпадкова. Усе добра памятаюць, як у клубе былога калгаса “Іскра” праходзілі культурна-масавыя мерапрыемствы. А пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы Радзівона Лысёнка ладзіліся выступленні народнага ансамбля народных інструментаў і іншых аб’яднанняў. Вось таму самадзейныя артысты і вырашылі як у напімін пра тыя часы назваць свой тэатральны гурток “Іскроўцы”.
— На рэпетыцыі камедыі “Конскі партрэт” быў аддадзены месяц, — кажа Надзея Кіраенка. — Але ўсе гурткоўцы з вялікай ахвотай, нягледзячы на занятасць, збіраліся разам, каб вывучыць, хоць і не вельмі складаную, але спецыфічную п’есу. У тэксце прысутнічаюць словы, выразы, характэрныя для сялянскай гаворкі пачатку 20-га стагоддзя, на якой размаўлялі вяскоўцы на Лагойшчыне. Менавіта з тых мясцін родам і аўтар твора Леапольд Родзевіч.
Пастаноўку твора ажыццявілі напярэдадні Дня жанчын. Сцэну аформілі ў стылі хатняга інтэр’еру 20-х гадоў. А самі акцёры таксама знайшлі вопратку, якую насілі іх дзядулі і бабулі. Усё павінна было адпавядаць таму часу, калі адбывалася выдуманая, а можа і сапраўдная падзея з жыцця звычайных сялян.
Асноўны змест камедыі заключаецца ў тым, што ў аднаго з вяскоўцаў была не вельмі прыгожая жонка, з выгляду, як конскі партрэт. Так ва ўсялякім разе на кожным кроку тлумачылі мужчыне. І ён, небарака, у гэта паверыў і ўзяў да галавы. Але ж, калі кабета знайшла сабе палюбоўніка і запрасіла яго ў свой дом на частаванне, гаспадар пачаў усведамляць, а ці так гэта на самой справе. І толькі праз рэўнасць, ён паверыў, што яго жонка — самая прагажэйшая.
Пастаноўку ў адной дзеі бліскуча ажыццявілі Іосіф Квач — у ролі Гаспадара, Тамара Літвіновіч — у ролі Маладзіцы, а ў ролі палюбоўніка Маладзіцы Гароніма Цырубулкі выступіў Віктар Мурашкін. Для яго, наогул, гэта першы, але вельмі ўдалы выхад на сцэну.
Гледачы, а іх, дарэчы, сабралася поўная зала, выказалі вялікую ўдзячнасць кіраўніку клубнай установы, самадзейным артыстам за падораныя хвіліны радасці, жартаў і шчырага смеху. Тым часам “Іскроўцы” праводзяць чарговыя рэпетыцыі, каб прадэманстраваць сваё майстэрства жыхарам іншых населеных пунктаў нашага раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.
