Насустрач Усебеларускаму народнаму сходу

Актуальное

З дакладам выступае Людміла Стома
З дакладам выступае Людміла Стома

У краіне пачалася падрыхтоўка да важнейшай палітычнай падзеі года — Усебеларускага народнага сходу. У навейшай гісторыі незалежнай Беларусі ён пройдзе ўжо ў пяты раз і, як заўсёды, стане ўдакладненнем курсу развіцця дзяржавы на бліжэйшыя гады. Гэта найважнейшая пляцоўка народаўладдзя аб’яднае прадстаўнікоў усіх галін улады, вытворчасці і бізнэсу, навукі, аховы здароўя і культуры, усе рэгіёны краіны і ўсе пласты грамадства. Усебеларускі народны сход — гэта падзея не проста маштабная і знакавая, а падзея — курсавызначальная. Тут будуць падведзены вынікі мінулай пяцігодкі, а галоўнае — пастаўлены мэты і задачы на будучыя пяць год. Усебеларускі народны сход дазваляе грамадзянам рэалізаваць гарантаванае Канстытуцыяй права ўдзельнічаць у кіраванні справамі дзяржавы. Традыцыйна ён праходзіць у сталіцы ў Палацы Рэспублікі.

Першы ўсенародны форум прайшоў у Мінску 19—20 кастрычніка 1996 года, другі — 18 мая 2001 года. Трэці Усебеларускі народны сход адбыўся 2 і 3 сакавіка 2006 года, а чацвёрты — 6 і 7 снежня 2010 года. Цяпер паўсюдна па краіне ў працоўных калектывах арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў праходзяць сходы работнікаў па выбранні ўпаўнаважаных на раённыя сходы па вылучэнні кандыдатур і выбранні ўдзельнікаў пятага Усебеларускага народнага схода.

Удзельнікі сходу
Удзельнікі сходу

У сераду, 20 красавіка, прайшоў чарговы сход работнікаў адкрытага акцыянернага таварыства “Буеўшчына”. Галоўным пытаннем у парадку дня стаяла выбранне ўпаўнаважаных на раённы сход па вылучэнні кандыдатур і выбранні ўдзельнікаў пятага Усебеларускага нороднага схода. Спачатку да прысутных з дакладам звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома. У сваёй прамове яна агучыла сутнасць правядзення Усебеларускага народнага схода, паведаміла пра вынікі развіцця Шаркаўшчынскага раёна за 2011—2015 гады, азнаёміла з планамі і задачамі на бягучы год. Пасля намеснік дырэктара ААТ “Буеўшчына” па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гернат прапанаваў прысутным кандыдатуры дванаццаці работнікаў сельгаспрадпрыемства для ўдзелу ў раённым сходзе. У ходзе адкрытага галасавання ўпаўнаважанымі ад сельгаспрадпрыемства былі выбраны: Анатолій Буда, Аляксандр Гернат, Марыя Касцюкевіч, Арцём Ражноў, Марыя Цітовіч, Андрэй Касцюкевіч, Любоў Носка, Святлана Пяткоўская, Ірына Клакоўская, Антаніна Маркелава, Георгій Струй і Марына Вайцяховіч.

Раённы сход па вылучэнні кандыдатур і выбранні ўдзельнікаў пятага Усебеларускага народнага схода адбудзецца 4 мая ў раённым Цэнтры культуры.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *