Чарнобыль. 30 гадоў пасля трагедыі

Актуальное

IMG_4209 (Копировать)Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС адбылася 30 гадоў назад. Але яе наступствы жыхары Украіны, Беларусі і Расіі будуць адчуваць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Вялікая колькасць мясцовага насельніцтва  Гомельскай, Брэстскай і Магілёўскай абласцей назаўсёды пакінулі родныя мясціны, многія заплацілі за нядбайнасць і непрадбачлівыя дзеянні ўлад сваім здароўем, некаторыя нават жыццём. Савецкае кіраўніцтва не пашкадавала людзей. Рэжым сакрэтнасці вакол усіх праблем чарнобыльскай катастрофы выключаў шырокае апавяшчэнне аб узроўні і ўздзеянні радыяцыі на здароўе чалавека і гэта прывяло да дадатковага аблучэння насельніцтва.

Без асаблівага перабольшвання можна сказаць, што ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года пацярпела большасць насельніцтва Беларусі. Ліквідатараў і перасяленцаў  катастрофа закранула больш чым іншых. Сёння ў Беларусі статус ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС маюць звыш 100 тысяч чалавек. 48 з іх зараз пражываюць на тэрыторыі нашага раёна. Гэта людзі, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з 1986 па 1989 год. Сярод іх – прадстаўнікі самых розных прафесій. Гэта не толькі пажарныя, якія працавалі непасрэдна   на  атамнай станцыі. Самыя розныя спецыялісты выконвалі шэраг работ па эвакуацыі, адсяленні насельніцтва, дэзактывацыі(выдаленні радыёактыўных рэчываў з забруджанай тэрыторыі), будаўніцтве, жыццезабеспячэнні насельніцтва. Вялікая колькасць людзей у першыя самыя складаныя дні, месяцы і гады была задзейнічана на тых альбо іншых відах дзейнасці. У іх ліку шаркаўчанін Валерый Апалінар’евіч Малыш, былы супрацоўнік раённага аддзела ўнутраных спраў, маёр запасу, у цяперашні час  дырэктар раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, які і  падзяліўся з намі сваімі ўспамінамі.

-У жніўні  1988 года мяне, лейтэнанта міліцыі, разам з афіцэрамі з іншых рэгіёнаў краіны  накіравалі на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай аварыі. На працягу 2 месяцаў  на тэрыторыі Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці  мы патруліравалі зону адчужэння на 30 кіламетровай адлегласці ад рэактара. Штодзённа правяралі населеныя пункты, кантралявалі прапускны рэжым, каб не дапусціць знаходжання выпадковых людзей на забруджанай тэрыторыі. У лік нашых абавязкаў уваходзіла абарона небяспечнай тэрыторыі ад марадзёраў, якія імкнуліся разрабаваць пакінутую гаспадарамі маёмасць. Некаторыя мясцовыя жыхары, у большасці сваёй людзі ўжо немаладыя, адмаўляліся пакідаць абжытыя мясціны і родныя дамы, не паддаваліся на ўгаворы ні мясцовай улады, ні супрацоўнікаў міліцыі.  Некаторыя з іх праз некаторы час пасля адсялення ізноў вярталіся ў свае дамы на тэрыторыю, непрыдатную для жыцця. Вельмі шкада было  гэтых людзей, перажыўшых вайну і нямецкую акупацыю, якіх практычна ўжо немагчыма было ўгаварыць на пераезд. У той перыяд складана было працаваць яшчэ і таму, што мясцовасць была нам незнаёмая. У лік нашых абавязкаў уваходзіла  вымярэнне ўзроўню радыяцыі ў вызначаных на карце месцах. У некаторых населеных пунктах лес стаяў літаральна спалены, рыжы і сухі – там і ўзровень радыяцыі быў значна вышэйшы. Бязлюдныя вёскі з прыгожымі дамамі, магазінамі, школамі, заросшымі травой і бур’янам, і мёртвая цішыня навокал – усё гэта немагчыма было зразумець і асэнсаваць. А ўмовы працы былі такія, што людзі не маглі доўгна знаходзіцца на тэрыторыі зоны. Работы праводзіліся вахтавым метадам. Адны прыязджалі – другія ад’язджалі. Таму і ліквідатараў так многа. Я трапіў на тэрыторыю чарнобыльскай зоны ўжо праз два гады пасля трагедыі. А вялікая колькасць шаркаўчан і жыхароў нашага раёна сталі ліквідатарамі наступстваў  у першы год пасля выбуху. Ім прыйшлося асабліва няпроста і некаторых, на жаль, ужо няма ў жывых.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

ДАВЕДКА: 26 красавіка 1986 года ў 01:23: 47 на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС (тэрыторыя Украіны) адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Будынак энергаблока часткова абваліўся, пры гэтым загінулі 2 чалавекі. У многіх памяшканнях і на даху пачаўся пажар. У рэзультаце аварыі ў навакольнае асяроддзе трапіла вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў. Па дадзеных экспертаў, сумарны выхад радыеактыўных матэрыялаў склаў 50 мільёнаў кюры, а гэта раўназначна выбуху 500 атамных бомбаў. Пры гэтым 70 працэнтаў шкодных рэчываў трапіла на тэрыторыю Беларусі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *