
26 красавіка 90-годдзе з дня нараджэння адзначыў жыхар гарадскога пасёлка Мікалай Міхайлавіч Тарарака. Былому франтавіку, паважанаму чалавеку з нагоды юбілею ўручылі Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта.
Няпростым было жыццё Мікалая Міхайлавіча, бо яго маладосць выпала на перыяд, калі трэба было змагацца з ворагам у гады Вялікай Айчыннай, а пасля доўгі час разам з іншымі аднаўляць разбураную вайной гаспадарку.
Нарадзіўся ён у вёсцы Грыгараўшчына. З маленства, як усе сялянскія дзеці і падлеткі, працаваў на зямлі. Калі войскі Чырвонай Арміі ў 1944 годзе вызвалілі нашу мясцовасць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, трапіў на фронт, але не адразу. Такіх як ён, неабстраляных юнакоў, камандаванне спачатку накіроўвала ў “вучэбку”, каб яны маглі спасцігнуць хоць самыя элементарныя правілы карыстання зброяй і вядзення бою. Пасля ж было ажно да самай перамогі змаганне з ворагам на перадавой.
— Ведаеце, калі ўпершыню трэба было націснуць на курок аўтамата і выпусціць чаргу па непрыяцелю, рукі трасліся, — успамінае Мікалай Міхайлавіч. — Як можна яго забіць, калі ён таксама жывы чалавек. Але з часам гуманнасць адышла на другі план. Выбару не заставалася: або вораг цябе застрэліць, або ты зробіш гэта першым.
Франтавік удзельнічаў ва ўзяцці Будапешта, вызваленні Чэхаславакіі. З баямі ў ходзе Браціслаўска-Брноўскай наступальнай аперацыі выбіваў захопнікаў з горада Брно. Тады пад гэтым чэхаславацкім горадам палягло ў зямлю 3.364 савецкія воіны, а Мікалаю Міхайлавічу пашчасціла застацца ў жывых. Першае сваё раненне радавы Тарарака атрымаў, калі яшчэ па нявопытнасці не ўбачыў, як у зелянеючых вінаградніках маскіраваліся немцы. Яны трапным агнём расстрэльвалі нашых салдат. Мікалай Міхайлавіч тады быў паранены асколкам у руку, трапіў у шпіталь. Падмацаваўшы здароўе, зноў узяў у рукі зброю і адправіўся на фронт. Там жа, пад Брно, атрымаў другое, вельмі цяжкае раненне і надоўгі тэрмін зноў быў шпіталізаваны. Перамогу сустрэў у Чэхаславакіі. У гэтай жа краіне пасля заканчэння вайны давялося яму служыць яшчэ чатыры гады ў складзе ахоўнага батальёна.
Вярнуўшыся на радзіму, пачаў абжывацца ў Шаркаўшчыне. Ажаніўся, у сям’і нарадзілася дачка Вольга. Мікалай Міхайлавіч не працаваў на кіруючых пасадах, не ўзначальваў якія-небудзь арганізацыі ці ўстановы, як гэта было з многімі франтавікамі ў пасляваенны час. Ён заўсёды быў задаволены звычайнай нябачнай, але вельмі патрэбнай грамадству работай. Працаваў, як цяпер шаркаўчане называюць скрыжаванне вуліц Савецкай і Камсамольскай, “каля керасінкі”, прадаўцом гэтага асабліва ў пасляваенны час вельмі неабходнага тавару. Шчыраваў потым у райспажыўтаварыстве. А апошнія 15 год да выхаду на заслужаны адпачынак з’яўляўся машыністам кацельнай на станцыі пагрузачна-разгрузачных работ. Ён заўсёды ганарыўся сваім родным братам Іванам, якога, на жаль, ужо няма ў жывых. Іван працаваў у Маскве разам са славутым авіяканструктарам Паўлам Сухім.
Зараз стан здароўя не дазваляе Мікалаю Міхайлавічу прымаць удзел у святкаваннях Дня Вялікай Перамогі, сустракацца з сябрамі-франтавікамі, з гонарам прайсціся па вуліцы ў кіцелі, на якім блішчаць ордэны і медалі. Ветэран вельмі ўдзячны прадстаўнікам мясцовай улады, кіраўніцтву Віцебскай чыгункі, якія заўсёды наведваюць франтавіка, віншуюць яго, уручаюць падарункі на дні нараджэння, прафесійныя святы. І, канечне ж, асабліва прыемна, калі гэта адбываецца на 9 Мая. Вось і сёлета Мікалай Міхайлавіч з нецярпеннем чакае гэты дзень, у які ён 71 год назад разам з іншымі барацьбітамі з фашызмам прынёс доўгачаканую Перамогу.
Сяргей РАЙЧОНАК
