Музейныя работнікі з Германавіч прынялі ўдзел у рэспубліканскім праекце “Кветкі Вялікай Перамогі”

Актуальное

супрацоўнікі Германавіцкага музея культуры і быту каля сваёй экспазіцыі
супрацоўнікі Германавіцкага музея культуры і быту каля сваёй экспазіцыі

28 красавіка стартаваў новы этап рэспубліканскага шырокамаштабнага патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі”, мерапрыемствы якога будуць праходзіць да 3 ліпеня. Дадзены праект ініцыяваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Ён прызваны ўмацаваць адзінства беларускага народа, выхаваць паважлівыя адносіны да старэйшага пакалення і, у першую чаргу, да ветэранаў.

Цэнтральным мерапрыемствам дадзенага праекта стаў оўпэн-эйр (канцэрт, фестываль на адкрытым паветры) “Кветкі Вялікай Перамогі”, у час якога 8 мая на плошчы каля Палаца Спорта ў Мінску разгарнулася маштабная рознапланавая інтэрактыўная экспазіцыя. Тут працавалі тэматычныя пляцоўкі-прэзентацыі ад кожнай вобласці і горада Мінска, перасоўныя музейныя экспазіцыі, прайшлі тэатралізаваныя пастаноўкі, адбыліся выставы рэканструяванай ваеннай тэхнікі, рэтрааўтамабіляў.

Супрацоўнікі нашага музея таксама прынялі ўдзел у дадзеным мерапрыемстве. На спецыяльна адведзенай пляцоўцы мы размясцілі выставу пад назвай “Маўклівыя сведкі вайны”. Асновай экспазіцыі паслужылі сапраўдныя ваенныя і цывільныя рэчы перыяду 1930—40-х гадоў. Гэта адзін з нумароў сатырычнага выдання “Раздавім фашысцкую гадзіну”, каска з адтулінай ад кулі, камандзірскі бінокль, вайсковае абмундзіраванне, біклажкі, чулыя і вельмі хвалюючыя па сваім змесце пісьмы-трохкутнікі чырвонаармейцаў з фронту. Шмат жадаючых знайшлося патрымаць у руках гільзу ад буйнакалібернай пушкі і кавалкі калючага дроту, які расцягвалі савецкія салдаты, каб затрымаць наступленне нямецкай пехоты.

“Кто сказал, что нету места песне на войне? После боя сердце просит музыки вдвойне…” — гэта радкі песні з усім вядомай мастацкай кінастужкі Леаніда Быкава “В бой идут одни старики”. Пачынаючы з 1942 года на фронт разам з боепрыпасамі, пушкамі і танкамі прыйшлі і патэфоны з грампласцінкамі. У бліндажах, акопах загучалі песні Лідзіі Русланавай, Клаўдзіі Шульжэнка, Леаніда Уцёсава. Сваім наведвальнікам мы прадэманстравалі, уявіце сабе, спраўны патэфон, які пасля заводу адпаведнай ручкай, выдаў мелодыю ваеннай пары: “Бьётся в тесной печурке огонь, на поленьях смола, как слеза…”. Цікавіліся, асабліва замежныя грамадзяне, і гармонікам, таксама ваенных часоў, які, дарэчы, у спраўным стане.

Дзень, які мы правялі ў Мінску, пакінуў у нашай памяці шмат цікавых уражанняў і добрых успамінаў. Выказваем шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву і адміністрацыі Германавіцкай СШ, якая дапамагла нам часткова дапоўніць экспазіцыю музейнымі прадметамі.

Л. НАВІЦКАЯ,

дырэктар Германавіцкага музея культуры і быту.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *