
Нехта скажа, што фальклор, гэта нешта такое, што засталося ад старажытных часоў: казкі, прымаўкі, песні, прыпеўкі, калядоўкі, нейкія забабоны. Але гэта не толькі тое, што бабуля сказала. Акрамя рэлігійных песень, беларусы стварылі разнастайны сельскі і гарадскі фальклор. Розніца толькі ў тым, што апошні — рускамоўны. Каб не адрывацца ад сваіх каранёў, адно выйсце — адраджэнне і папулярызацыя традыцыйных каштоўнасцяў народа. Такой справай займаемся і мы. Раённы метадычны цэнтр даўно ставіў перад сабой мэту — правесці свята фальклору, каб надалей яго рабіць абласным менавіта ў нас.
Шляхам клапатлівых пошукаў па адраджэнню культуры той ці іншай вёскі, мы разам з культработнікамі стварылі фальклорныя гурткі пры Дамах культуры і клубах раёна. Прычым, пачынаем з дзетак, менавіта ім адраджаць мінуўшчыну. І вось у адзін з выхадных дзён кастрычніка прайшло раённае свята фальклору ў Германавіцкім цэнтры культуры і народнай творчасці.
Уся абстаноўка перад выступленнем нагадвала той час, калі жылі нашы продкі. У фае клуба размясцілі свае вырабы раённы цэнтр рамёстваў, Германавіцкія Дом ганчара і музей культуры і быту. Кухня народных страў “Груца” з Радзюкоў прыехала не толькі са смачнымі нацыянальнымі стравамі, а і з гульнёвай праграмай. Да пачатку прагляду галоўнай праграмы са сцэны, была магчымасць пагутарыць з удзельнікамі, купіць цікавую для сябе рэч, пагуляць у бяспройгрышную латарэю і нават станчыць. Бо граў на баяне загадчык Зоркаўскага сельскага клуба

Уладзімір Малыш і спяваў народны вакальны ансамбль “Лужкаўскія песняры”. Вузкі калідор з вышыванкамі на сценах з фае вёў у “Вясковую хатку”. Гэта клубныя работнікі пастараліся зрабіць яе такой (прыстасавалі адзін з кабінетаў), каб яна нагадвала жыццё мясцовых людзей у пасляваенныя гады.
Галоўная дзея адбылася на сцэне цэнтра культуры і народнай творчасці. Святлана Фурс — мастацкі кіраўнік фальклорнага гуртка “Крыжачок” з Германавіч паказала з дзецьмі ўрывак з абраду “Багач”.
Наступным выступіў перад гледачамі калектыў “Шчадроўка” з Каўшэлева. Перад імі стаяла задача паказаць у тэатралізаванай форме, як раней святкавалі “Юр’еў дзень”. Кіравала дзіцячым калектывам Надзея Вайцюль. І гэта ў іх атрымалася.
Створаны дзіцячы фальклорны калектыў “Скарбніца” і пры Буеўшчынскім доме народнай творчасці. Маленькія артысты, разам з Таццянай Сінкевіч, падрыхтавалі гульнёвую праграму “Свацця”.
А з Кубелеўшчыны клубны работнік Людміла Ананіч прывезла два гурты — дзіцячы “Вяснянка” і аматарскае аб’яднанне стараверчай кухні “Талака”. Яны паказалі, як праводзіўся раней абрад “Адведкі”.
Удзельнікамі гурта “Верацёны” (Верацееўскі ЦКіА) быў прадэманстраваны абрад “Дзяды”. Гледачоў вельмі ўразіла, што дзеткі задумваюцца аб сваім радаводзе, продках, паходжанні бацькоў, прозвішчаў.
Завяршыў святочную праграму Пашкоўскі сельскі Дом культуры. Гурт “Крынічанька” разам з мастацкім кіраўніком Наталляй Сімчонак паказалі абрад “Калядкі”.
Вядучымі свята фальклору былі Сяргей Райчонак, Сняжана Маляўка, Алёна Сухаверская і Іван Русецкі.
Усе ўдзельнікі атрымалі ганаровыя граматы і салодкія падарункі і шмат ураджанняў ад сустрэчы.
Хачу яшчэ паведаміць, што гэта быў першы тур нашага праекта. Вясной пройдзе свята пад эгідай “Вясна, вясна, вясняначка, ясна панечка” і летам — “На новае лета”.
А. СІНІЦА,
дырэктар РМЦ