10 лістапада адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск.

Актуальное

Гэта свята ў Беларусі адзначаецца апошнія тры гады.
У Шаркаўшчынскім РАУС працуюць ветэраны і моладзь. Як кажуць, у спалучэнні маладосці і вопыту ёсць сіла любога калектыву. Для ветэранаў органаў унутраных спраў 10 лістапада — сапраўднае свята (раней гэта быў дзень савецкай міліцыі, і зараз расійскія калегі адзначаюць у гэты дзень сваё прафесійнае свята).
Гісторыя міліцыі Шаркаўшчыны бярэ свой пачатак з гадоў Другой сусветнай вайны. У 1966 годзе загадам Міністра ўнутраных спраў быў зацверджаны штат аддзела ўнутраных спраў Шаркаўшчынскага райсавета.
Першым начальнікам райаддзела быў прызначаны Аляксей Іванавіч Лосеў. Затым на гэтай пасадзе працавалі Фёдар Аляксандравіч Мураўскі, Фёдар Піліпавіч Лятко, Пётр Уладзіміравіч Развадоўскі, Аляксандр Уладзіміравіч Аксючыц, Уладзімір Серафімавіч Шпец, Уладзімір Мікалаевіч Барадулін. З мая 2009 года Шаркаўшчынскі РАУС узначальвае Сяргей Мікалаевіч Арэшкаў.
10 лістапада — гэта свята ветэранаў міліцыі, асабліва тых, якія служылі яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Гэтыя людзі і зараз перадаюць вопыт маладым, калі наведваюцца ў калектыў. Сярод іх — Пётр Юльянавіч Хаданёнак, Раман Антонавіч Більдзюга, Каліна Север’янавіч Лутохін, Уладзімір Серафімавіч Шпец, Аляксандр Уладзіміравіч Аксючыц.
Ветэранская арганізацыя РАУС зараз налічвае 48 чалавек. Гэтыя людзі шмат гадоў прысвяцілі працы ў міліцыі. І 10 лістапада — іх свята. Хочацца ўшанаваць тых, каго зараз ужо няма з намі. А гэта Ф. А. Мураўскі, Ф. П. Лятко, С. Ф. Вайцек’ян, В. І. Красько, П. У. Развадоўскі, В. Л. Грыцкевіч, М. В. Мядзюха, А. Ф. Александровіч, Ю. А. Гродзь, Б. А. Альшэўскі.
За шматгадовую гісторыю Шаркаўшчынскага РАУС два супрацоўнікі загінулі пры выкананні службовых абавязкаў. Намеснік начальніка райаддзела Аляксандр Мікалаевіч Судакоў загінуў у 1945 годзе пры ліквідацыі групы бандытаў. У 1973 годзе ў райцэнтры загінуў начальнік спецкамендатуры Сяргей Цярэнцьевіч Сапуноў.
Трэба адзначыць, што ветэранская арганізацыя не застаецца ў баку ад праблем яе членаў. Калі ў каго здараецца бяда — усе разам імкнуцца дапамагчы. Калі спатрэбілася дапамога былому калегу Юрыю Антонавічу Градзю — збіралі сродкі на лячэнне, пасля дапамагалі ў пахаванні.
З павагай адносімся да ветэрана вайны, былога калегі Івана Аляксандравіча Захарава. Дапамагаем яму вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у састарэлага чалавека.
З нагоды свята хочацца адзначыць, што супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку Шаркаўшчынскага РАУС, былі сярод тых, хто першым прыходзіў на дапамогу ў цяжкія хвіліны. Міліцыянеры ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.
У гэты дзень хочацца пажадаць усім моцнага здароўя, поспехаў у жыцці. Жадаю быць запатрабаванымі ў грамадстве. І каб з вас бралі прыклад маладыя супрацоўнікі РАУС. Са святам вас, ветэраны міліцыі!
П. БАРАВІК,
старшыня ветэранскай арганізацыі Шаркаўшчынскага РАУС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *