Нашы ветэраны працы. Сцяпан Іосіфавіч Пармон, які 36 гадоў кіраваў калгасам «Шлях Леніна»

Актуальное

Працоўная дзейнасць Сцяпана Іосіфавіча Пармона цалкам звязана з сельскай гаспадаркай. У 1951 годзе маладым аграномам трапіў у цяперашні ААТ “Ельня-Агра”. 11 гадоў адпрацаваў тэхнолагам палёў дадзенай гаспадаркі. Набраўся вопыту, пазнаў няпростую працу хлебароба. Кіруючыя органы раёна заўважылі арганізатарскія здольнасці спецыяліста, яго актыўнасць і дапытлівасць, і прапанавалі пасаду старшыні былога калгаса “Шлях Леніна” (зараз ААТ “Васюкі”). 36 гадоў нязменна кіраваў Сцяпан Іосіфавіч гаспадаркай.
Добра памятае той дзень, калі прыняў калгас, нібы гэта было толькі ўчора. Нават лічбы не сцёрліся з памяці: 143 галавы цялят, 76 кароў, 50 авечак, былі трусы, гусі, куры і індык і 2150 гектараў ворыва. Найбольшая ўвага ў раслінаводстве надавалася вырошчванню лёну. Хоць усе тэхналагічныя работы выконваліся ўручную, але гэта культура давала прыбытак. Найбольш ураджайным быў 1976 год, калі зерневыя культуры далі па 40,3 цэнтнера з гектара і валавы збор склаў 2 тысячы тон. Тады і ўзнагародзілі старшыню гаспадаркі С. І. Пармона ордэнам “Знак Пашаны”.
— Працавалі ўсе з задавальненнем, — прыгадвае ветэран працы, — бо кожны дзень прыносіў нешта новае, дабіваліся поспехаў, нарошчвалі вытворчасць. Самыя высокія зрухі ў сельскай гаспадарцы адбыліся ў 1965 годзе, калі перайшлі на гарантыйную аплату працы, калі заняліся меліярацыяй забалочаных зямель.
— Напярэдадні свята хочацца павіншаваць ветэранаў, з якімі давялося працаваць у свой час: М. І. Курыловіча, І. І. Несцяровіча, А. У. Ардынскага, В. І. Васюка, В. І. Арцюшэўскую, загадчыкаў ферм В. М. Кукоўскую і В. А. Баговіч і многіх іншых, — закончыў гутарку С. І. Пармон.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *