Пра праблемы і дасягненні ў раслінаводчай галіне раёна расказвае Ірына Міхалёнак

Сельское хозяйство

Ірына Генадзьеўна Міхалёнак — аграрнік з вялікім стажам і вопытам работы ў аграпрамысловым комплексе. Ад галоўнага агранома гаспадаркі да намесніка начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству — такі працоўны шлях тэхнолага палёў. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці яна расказвае на старонках раённай газеты пра праблемы і дасягненні працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў раслінаводчай галіне раёна за гэты год.
— Для сельскага працаўніка ніколі не бывае лёгкага хлеба. І гэты сельскагаспадарчы год нічым не адрозніваўся ад астатніх. Прырода пастаянна ўносіць у працу сельскага сейбіта свае карэктывы. Цяжкая выдалася вясна пасля няпростай і працяглай зімы. Перасеялі практычна ўсе плошчы рапсу, а гэта 4200 гектараў і значную частку азімых зерневых. Калі рапс быў застрахаваны, то загінуўшыя зерневыя ляглі на страты гаспадарак.
Потым наступіла дружная вясна і яравую сяўбу зерневых  закончылі да 9 мая і да 20 — усіх астатніх культур.
Было пасеяна 22 000 гектараў зерневых, 3000 — рапсу, 500 — лёну, 70 — бульбы, 225 — караняплодаў, 27 — агародніны, 5000 — кукурузы.
Пасля 1400 гектараў культур было спісана, гэта там, дзе высявалі на апошніх гектарах і перавялі іх у кармавую групу. На гэтых палях пасеялі дадатковыя плошчы кукурузы для стварэння больш трывалай кармавой базы. Такім чынам, зерневая група складала 20 600 гектараў.
У час уборкі намалацілі амаль 5500 тон зерня, гэта значна больш, чым было ў папярэднім годзе. Ураджай не самы высокі — 26,6 цэнтнера з гектара, а магло быць і больш.
Да ўборкі было 2170 гектараў рапсу, якога намалацілі 3575 тон пры сярэдняй ураджайнасці 16,4 цэнтнера зерня з гектара.
Не менш важнай культурай з’яўляецца бульба. “Другі хлеб” у ААТ “Жвіранка”вырас намнога лепшы, чым у папярэднія гады — 175 цэнтнераў даў у сярэднім кожны гектар, у КУВСП “Гарадзец” ураджайнасць бульбы крыху меншая, але ў цэлым па раёне накапалі 2267 тон пры ўраджайнасці 133 цэнтнеры з гектара. Гэта, зразумела, не мяжа, магло быць і лепш, тым не менш зрухі ў лепшы бок ёсць. З агародніны вырошчвалі кабачкі, агуркі, моркву, сталовыя буракі, капусту. Асабліва парадавала морква. Займаемся і цяпер рэалізацыяй некаторых відаў агародніны, значную частку якой прыняў на перапрацоўку кансервава-агароднінасушыльны завод. Сёлета не толькі ў нас, а і ўцэлым па рэспубліцы, вырасла добрая бульба, таму са збытам яе вялікія праблемы. Заклалі патрэбную колькасць клубняў на зімоўвае захоўванне, рэалізоўвалі насельніцтву на кірмашах, адпраўлялі ў Талачын на перапрацоўку для атрымання крухмалу, а таксама ў абмен на элітнае насенне.
Лён быў на плошчы 500 гектараў. У КУВСП імя Маркава выдаўся нізкарослы (да 15 см), таму плошчы, акрамя 15 гектараў былі спісаны, а вось у ААТ “Жвіранка”, дзе вырошчвалі французскі гатунак “лізэ”, атрымалі па 12,5 цэнтнера валакна з гектара, у ААТ “Буеўшчына” высявалі беларускія гатункі — “Магілёўскі” і “блакіт”. Ураджайнасць там склала па 4,8 цэнтнера валакна. Уборка вялася камбайнамі, атрымалі дастатковую колькасць насення. Валакна, як бачна, плануемага паказчыка не дасягнулі.
Безумоўна, раслінаводы павінны забяспечваць кармамі жывёлагадоўлю. У гэтым годзе назапашана кармоў значна больш папярэдняга года — па 27,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Дзякуючы такому цёпламу і ўмерана-вільготнаму лету, парадавала кукуруза — амаль 300 цэнтнераў з гектара атрымалі зялёнай масы. У параўнанні з папярэднімі гадамі, калі мелі толькі 150—170 цэнтнераў з гектара, гэта добры паказчык. Думаю, што грамадскі статак будзе забяспечаны трывалай зімоўкай, бо калі атрымалі больш зерня, то і канцэнтратаў будзе ў дастатковай колькасці.
Дзяржзаказ на зерне быў вышэй папярэдніх гадоў, рэалізавалі харчовай пшаніцы амаль 4000 тон. Гэта дадатковыя грошы і матэрыяльная зацікаўленасць для гаспадарак. Таксама было рэалізавана ў дзяржаўны рэзерв 1000 тон пшаніцы трэцяга класа. Прадавалі гаспадаркі рапс па высокай цане.
Пад ураджай 2012 года было пасеяна 11890 гектараў азімых культур на зерне. Пасевы радуюць, бо насенне было загорнута ў глебу ў аптымальныя тэрміны, гэта значыць, мы ўклаліся да 25 верасня, як патрабуе навука і тэхналогія. Глеба поўнасцю запраўлена фосфарнымі і калійнымі ўдабрэннямі. Будзем спадзявацца, што азімыя культуры на будучы год парадуюць ураджаем. Што тычыцца азімага рапсу, то яго пасеялі на плошчы 2400 гектараў. Але выклікае трывогу тое, што хоць і захавалі аптымальныя тэрміны сяўбы, але з-за цёплай восені пасевы перарастаюць.
У гэтым годзе ўсе пасевы не толькі рапсу, а і  азімай пшаніцы застрахавалі на выпадак неспрыяльнага надвор’я.Сельская гаспадарка — галіна пад адкрытым небам, таму ўсялякае можа здарыцца.
Зябліва, як і планавалі, узнялі 15 410 гектараў да 1 лістапада, але згодна задання аблвыканкама, пасяўныя плошчы будуць павялічаны, то гэта лічба складзе 18 439 гектараў. Таму і цяпер яшчэ вядзецца гэты аграпрыём. Асноўныя работы засталіся ў КУВСП “Гарадзец”, там аб’ёмы вялікія, і тых паліўных рэсурсаў, якія выдзяляюць, ім не хапае, таму дапамагаюць іншыя гаспадаркі раёна.
У дзень свята хочацца павіншаваць усіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і пажадаць здароўя, працоўных поспехаў і сямейнага дабрабыту.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *