17 лістапада — прафесійнае свята ўчастковых інспектараў міліцыі

Актуальное

Загадам Цэнтральнага адміністрацыйнага ўпраўлення Народнага камісарыяту ўнутраных спраў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі 17 лістапада 1923 года была зацверджана Інструкцыя ўчастковаму наглядчыку горада. Тым самым была закладзена нарматыўная база стварэння і развіцця ўчастковай службы. Дадзенай інструкцыяй вызначаліся асноўныя абавязкі названай катэгорыі супрацоўнікаў — яны мелі магчымасць праводзіць дазнанне і кантраляваць работу паставых міліцыянераў.
Сёння служба ўчастковых інспектараў міліцыі як па аб’ёму, так і па важнасці задач, пастаўленых перад ёй, по той ролі, якую яна адыгрывае ў ахове грамадскага правапарадку, займае адно з вядучых месцаў у сістэме органаў унутраных спраў.
Работа ўчастковага складаная і шматгранная. Высокі прафесіяналізм, граматнае выкарыстанне дапамогі грамадскасці, заснаванае на заслужаным аўтарытэце, даверы насельніцтва — усім гэтым абумоўлена ўменне ўчастковых інспектараў. Участковыя Шаркаўшчынскага РАУС працуюць добрасумленна. Аддзяленне аховы правапарадку і прафілактыкі ўваходзіць у лік лепшых у вобласці, па выніках аператыўна-службовай дзейнасці ў 2005 годзе заняло 1-е месца.
З нагоды свята хочацца адзначыць лепшых. Іван Іосіфавіч Пачкоўскі ўзнагароджаны нагруднымі знакамі “За самаадданую службу” і “За выдатную службу”, медалямі “90 гадоў Беларускай міліцыі” і “За бездакорную службу” 3 ступені. Шматразова адзначаліся кіраўніцтвам і маюць адпаведныя ўзнагароды ўчастковыя інспектары Пётр Антонавіч Пачкоўскі, Іван Іванавіч Балай, Сяргей Георгіевіч Дарашчонак, Аляксандр Іванавіч Талапіла, Міхаіл Канстанцінавіч Слабовіч. Гэтыя вопытныя супрацоўнікі, сапраўдныя спецыялісты перадаюць сваё ўменне маладым супрацоўнікам — Дзмітрыю Антонавічу Маліноўскаму, Міхаілу Сямёнавічу Фаміну, Паўлу Валяр’янавічу Лазовіку, Юрыю Леанідавічу Пяткевічу.
Штогод у Шаркаўшчынскім РАУС праводзіцца агляд-конкурс на званне лепшага ўчастковага інспектара. Пераможца абараняе гонар райаддзела “на вобласці”, а калі пашанцуе — і “на рэспубліцы”. Пётр Пачкоўскі тройчы перамагаў у падобных абласных спаборніцтвах у асабістым заліку. У складзе каманды Віцебскай вобласці двойчы станавіўся пераможцай рэспубліканскага фіналу. У 2011 годзе Павел Лазовік увайшоў у дзясятку лепшых у абласным конкурсе.
Хочацца ўзгадаць і ветэранаў, якія аддалі службе шмат гадоў жыцця. Аляксандр Уладзіміравіч Аксючыц працаваў участковым інспектарам 11 гадоў у Докшыцкім РАУС, затым узначаліў Шаркаўшчынскі РАУС. Працавалі ў нашай службе Віктар Казіміравіч Крук, Раман Антонавіч Більдзюга — былыя намеснікі начальніка РАУС, Пётр Юльянавіч Хаданёнак — затым узначальваў службу па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, Фёдар Мікалаевіч Лаздоўскі і Славамір Васільевіч Жалудкевіч — узначальвалі службу ўчастковых інспектараў. Шмат гадоў працавалі ўчастковымі (на гэтых пасадах яны былі да выхаду на заслужаны адпачынак) Пётр Мілецьевіч Катушонак, Валерый Мар’янавіч Міштоўт і, заўчасна пайшоўшы з жыцця Валерый Леанідавіч Грыцкевіч.
Добрым словам хочацца ўспомніць ветэрана Івана Аляксандравіча Захарава, а таксама тых, каго ўжо няма з намі — Сцяпана Францавіча Вайцякяна і Івана Пятровіча Ляснеўскага.
З нагоды свята хочацца пажадаць усім супрацоўнікам аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі поспехаў у службе, сямейнага дабрабыту, моцнага здароўя. Калегі, няхай збываюцца ўсе вашы задумы і кожны дзень прыносіць толькі прыемныя навіны. З прафесійным святам вас, паважаныя ўчастковыя інспектары міліцыі!
А. РАМАНОЎСКІ,
начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *