Так выказаўся выпускнік Слабадской сярэдняй школы 1969 года, а цяпер супрацоўнік пастаўскай раённай газеты Пётр Курыловіч. Было гэта 9 ліпеня ў час святкавання юбілею ўстановы адукацыі. Сама школа закрыта ў 2011 годзе, таму месцам сустрэчы настаўнікаў і выпускнікоў абралі Жукоўшчынскі сельскі клуб.
Па папярэдняй дамоўленасці арганізатарамі мерапрыемства планавалася сабраць крыху больш за сто чалавек (столькі дазваляла ўмяшчальнасць глядзельнай залы). Але, напэўна, яркія ўспаміны пра цудоўныя і незабыўныя школьныя гады і сяброў паспрыялі таму, што на сустрэчы прысутнічала амаль дзвесце чалавек. Прыехалі выпускнікі з усёй Віцебшчыны, іншых рэгіёнаў Беларусі, з Прыбалтыкі, Расіі. Геаграфія пражывання былых вучняў Слабадской СШ аказалася вельмі шырокай. Многія пагадзяцца, што для сапраўдных сяброў не існуе адлегласцей і межаў. Такой жа думкі прытрымліваліся і ўдзельнікі сустрэчы.
Вядучыя праграмы не абмінулі сваёй увагай ніводнага прысутнага, але асаблівы акцэнт ставіўся на выпускніках юбілейных гадоў. Канечне, па аб’ектыўных прычынах, па стане здароўя выпускнікоў 50—60-х гадоў было няшмат. Але сярод іх, безумоўна, вылучалася адна пажылая жанчына, якая пражывае ў Жукоўшчыне. Гэта Зоя Іванаўна Талапіла — выпускніца 1949 года і былая настаўніца гэтай жа навучальнай установы. Бадай, самы хвалюючы момант надышоў тады, калі Зоі Іванаўне вядучыя прадаставілі ганаровае права даць школьны званок. Жанчына ўпэўненым крокам, з усмешкай на твары разносіла па зале пералівы званка, нібы запрашала ўсіх на ўрок. Прысутныя паўставалі са сваіх месцаў і запляскалі ў далоні. У большасці з іх на вачах з’явіліся слёзы, у якіх былі і радасць ад сустрэчы, і смутак пра часы дзяцінства і юнацтва, якія, на вялікі жаль, ужо нельга вярнуць. Але галоўнае ў гэту хвіліну яскрава было бачна, як ганарацца і паважаюць сваіх былых педагогаў сённяшнія, ужо даўно дарослыя, выпускнікі. Затым Зоя Іванаўна падзялілася ўспамінамі пра гады вучобы і працы ў школе.
Дарэчы, магчымасць успомніць шчаслівую, бесклапотную пару дзяцінства была ў кожнага. Напрыклад, выпускнік 1976 года Васіль Мядзюха прыгадаў, як на апошні званок яго сабрала і накіравала праз поле маці з букетам. Чамусьці Васілю падалося, што кветак мала, і ён, каб не было сорамна перад настаўнікамі, дадаткова нарваў вялікі букет палявых кветак і ўпэўненым крокам пайшоў далей. Цяпер Васілій Мядзюха жыве і працуе ў Міёрах, але заўсёды знаходзіць магчымасць прыехаць у родную вёску Агальніцы. Тым больш, што сёлета ён з аднакласнікамі адзначаў 40-годдзе заканчэння школы.
Для ўсіх гучалі песні і музыка ў выкананні Мікалая Кіраенкі. Разам яму дапамагалі на сцэне спяваць Алёна Седзюкевіч (выпускніца 1996 года) і Васілій Мядзюха. Ахвотна падпявала і зала, бо гучалі цудоўныя музычныя кампазіцыі мінулых гадоў, якія кожны з прысутных спяваў каля піянерскіх вогнішчаў, у паходах, на школьных вечарынах і, канечне ж, у гэтым жа клубе, дзверы якога гасцінна адчыніліся ў той дзень для сустрэчы школьных сяброў.
Свята завяршылася таксама, як і пачыналася — пад гукі школьнага званка, але на гэты раз ён прагучаў ў руках апошняга дырэктара Слабадской сярэдняй школы Тамары Паўлаўны Сікора. Час, праведзены на свяце, прабег непрыкметна, не хацелася развітвацца аднакласнікам. Але, згодна з добрай традыцыяй, у наступным годзе выпускнікі паабяцалі сабрацца ў Жукоўшчынскім клубе зноў, каб узгадаць усё тое прыемнае, цудоўнае і шчаслівае, што звязана з гадамі, праведзенымі за школьнай партай.
На святкаванні 80-годдзя Слабадской СШ у якасці выпускніка 1997 года і карэспандэнта пабываў Сяргей РАЙЧОНАК.






















































Спасибо за положительную оценку моей работы!
Серёга ты молодец! Продолжай в том же духе.