Нізкія промні лістападаўскага сонца ўжо не сагравалі зямлю. Наўкола панавала цішыня. Быццам, сама прырода падрыхтавалася да зімовых халадоў, і вось-вось выпадзе снег, і зямля будзе адпачываць пад яго покрывам. Настальгічны настрой быў, калі мы ехалі на зернесклад аддзялення Сасноўцы ААТ “Даватарскі”. Завяршаўся рабочы дзень, але там працавалі машыны па ачыстцы і дасушцы зерня. Здавалася, што яны дзейнічаюць самастойна, без удзелу чалавека. Але тут заўважылі гаспадара гэтых памяшканняў — кладаўшчыка Віталія Дзмітрыевіча Міхайлава. Ён толькі паспяваў пераходзіць з аднаго склада ў другі. На выкананні работ на зернескладзе задзейнічаны яшчэ два працаўнікі. Але для іх ужо завяршыўся рабочы дзень, а Віталій Дзмітрыевіч, як сапраўдны гаспадар, вырашыў давесці ўсё да ладу, каб раніцай распачаць новы від работ.
Менавіта таму і парадак у яго гаспадарцы. Усюды чыста, акуратна, нягледзячы на тое, што памяшканні складоў старыя, многія патрабуюць рамонту. Аднак Віталій Дзмітрыевіч упэўнены, што насенны матэрыял будзе надзейна захаваны да пачатку пасяўной кампаніі, бо, як маглі, падладзілі дах, дзверы. А вось памяшканне, дзе вядуцца работы па ачыстцы насення шматгадовых траў, новае з патрэбнымі для работы машынамі і агрэгатамі. Дарэчы, насенне цімафееўкі два разы ачысцілі і давялі да пасяўнога стандарту.
Раней тут правялі ачыстку насення азімых культур — 150 тон. Заклалі на насенне каля 100 тон яравой пшаніцы — работы з гэтай культурай працягваюцца.
Варта нагадаць, што В. Д. Міхайлаў у свай час закончыў Лужаснянскі аграрны каледж і пэўны час працаваў аграномам-насенняводам на Браслаўшчыне. Гады тры назад як пераехаў з сям’ёю на радзіму жонкі. Купілі дом у Сасноўцах побач з бацькамі Анны. Яна да дэкрэтнага водпуску працавала лабарантам па малаку, а Віталій — паляводам і практычна ўвесь час быў задзейнічаны на зернескладах. У той час працавала кладаўшчыком вопытная, адказная жанчына — Валянціна Генадзьеўна Цыунчык, пакуль не пайшла на заслужаны адпачынак. Вось і навучыўся Віталій акуратнасці і дакладнасці ў яе.
— Дысцыплінаваны, адказны, — кажа пра Віталія Дзмітрыевіча начальнік інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Валянціна Канстанцінаўна Кузьмянкова. — Сам умее рэгуляваць ачышчальныя машыны, умела вядзе падбор рэшатаў, падачу паветра. Спецыяліст своечасова запаўняе і здае справаздачы. Калі трапляю на гэты збожжасклад, прама душой адпачываю, — завяршыла размову Валянціна Канстанцінаўна. Гэтыя акалічнасці заўважылі і мы.
Кацярына СОСНА
