Стварыць усе ўмовы для гарманічнага развіцця асобы вучня — такую мэту ставяць перад сабой педагогі Шаркаўшчынскай СШ №2

Молодежь

Больш двух месяцаў таму пачаўся чарговы навучальны год. А школьнае жыццё — гэта не толькі ўрокі і дамашнія заданні. Гэта яшчэ сустрэчы, гульні, экскурсіі, акцыі, спаборніцтвы. Пра тое, як у Шаркаўшчынскай СШ № 2 арганізавана пазакласная работа расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Васільеўна ПРЫХОДЗЬКА.
—    Нядаўна ў школе праводзілі шоу-праграму “З усмешкай па жыцці”. Педагог-арганізатар І. П. Забела і педагог-псіхолаг В. А. Рубацкая падрыхтавалі для вучняў 5—8 класаў сапраўднае свята — парад талентаў, якіх шмат у нашай школе. Кожны клас атрымаў заданне: прадставіць гумарыстычную сцэнку пра школьнае жыццё. Мы, настаўнікі, былі ўражаны, бо ўбачылі на што здатныя нашы дзеці. У планах правесці “Мінуту славы” — яшчэ адно мерапрыемства для раскрыцця талентаў.
Нядаўна дзеці пабывалі на экскурсіі ў Жыровічах, Слоніме, Сынкавічах, Ружанах. З вучнямі нашай школы ездзілі таксама прадстаўнікі Зоркаўскай і Лужкаўскай сярэдніх школ, за што мы ім вельмі ўдзячны, бо без іх удзелу экскурсія не атрымалася б.
У апошнія дні кастрычніка была арганізавана экскурсія ў вядомыя ўсім Пушкінскія горы (дзеці пабывалі ў Смаленскай і Пскоўскай абласцях Расіі). З намі падарожнічалі прадстаўнікі Іёдскай і Зоркаўскай сярэдніх школ.
На навагоднія святы запланавана паездка на галоўную ёлку краіны ў Мінск.
Нядаўна ў школе прайшоў месячнік па прафілактыцы суіцыдных паводзін сярод падлеткаў. У гэтым накірунку выдатна папрацавала педагог-псіхолаг Валянціна Алегаўна Рубацкая. Увогуле, Валянціна Алегаўна вопытны псіхолаг. Яна праводзіць заняткі ў інстытуце павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў у Віцебску, выступае на метадычных аб’яднаннях, праводзіць псіхолага-педагагічныя семінары.
У ходзе акцыі ў школе прайшлі класныя гадзіны “Вучымся пераадольваць цяжкасці”, “Як сабе дапамагчы ў стрэсавай сітуацыі?”, “Майстэрня пазітыву”. З дзецьмі праводзіліся трэнінгі па пазітыўнаму настрою, вялася работа з бацькамі, адбылася сустрэча ў псіхалагічнай гасцёўні “Пошук сэнсу жыцця”.
На “ура” у школе прайшоў тыдзень спорту і здароўя. Дзеці з радасцю ўдзельнічаюць у падобных акцыях — у спартыўных спаборніцтвах, конкурсах і спартакіядах.
Карыснай была сустрэча вучняў 5—11 класаў са старшым дзяржаўтаінспектарам аддзялення ДАІ Ігарам Булаўскім і ўчастковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх Юрыем Казарыным. Прадстаўнікі РАУС правялі гутарку на прававую тэматыку.
Запамінальнымі выдаліся экскурсіі па родных мясцінах. Мы любаваліся восеньскімі пейзажамі ў парках, на беразе Дзісны. Дарэчы, на Панскіх Луках дзеці адпачывалі з настроем, а таксама правялі фотаконкурс “У аб’ектыве — Дзісна”. Там былі арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы.
У бліжэйшых планах — экскурсіі на прадпрыемствы і арганізацыі Шаркаўшчыны.
З 29 кастрычніка па 8 лістапада былі школьныя канікулы. У нас працаваў аздараўленчы лагер “Сонейка”. Дзеці з радасцю наведвалі лагер, дзе для іх былі арганізаваны самыя цікавыя мерапрыемствы.
Трэба адзначыць, што ў арганізацыі адпачынку дзяцей і іх пазакласнай занятасці задзейнічаны ўсе педагогі. Вялікая нагрузка кладзецца на плечы класных кіраўнікоў. Натхняльнікам многіх карысных спраў выступае педагог-арганізатар Іна Пятроўна Забела. Усе мы робім агульную справу — працуем дзеля будучыні дзяцей. У нашых сілах стварыць у Шаркаўшчынскай СШ № 2 усе ўмовы для гарманічнага развіцця юнай асобы.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *