У рэдакцыю раённай газеты паступіла некалькі тэлефонных званкоў. Прычынай для скаргаў стала недастатковае асвятленне некаторых вуліц райцэнтра. Каб больш дакладна разабрацца ў сітуацыі, карэспандэнты раённай газеты правялі рэйд у вячэрні час і высветлілі: вуліцы М. Горкага, Чырвоная Горка, Камсамольская (тэрыторыя прыватнага сектара), Пушкіна і шэраг іншых амаль напалову не асветлены, у некаторых месцах людзі вымушаны ісці на работу і вяртацца дадому ў абсалютнай цемры. Бацькі хвалююцца за сваіх дзяцей, якія дабіраюцца да школы па неасветленых участках дарогі. На большасці невялікіх вуліц і завулкаў райцэнтра наогул не ўбачыш ні аднаго запаленага ліхтара, на некаторых (напрыклад, вуліца Меліяратараў) гараць адзін-два ліхтары. Здавальняючае асвятленне можна назіраць толькі на некаторых цэнтральных вуліцах гарадскога пасёлка: Энгельса, Кірава, Халаева, Ціміразева, 17 верасня, Ф. Скарыны, Даватара. Аналагічная сітуацыя з асвятленнем назіраецца і на тэрыторыі раёна. Спадзяёмся, што ўзнятая праблема не павісне ў паветры і не згубіцца ў дажджлівай восеньскай цемры, а адказныя за асвятленне вуліц службы аператыўна выправяць сітуацыю.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
