Дзе купіць свежыя, якасныя і смачныя прадукты, не хвалююцца жыхары аграгарадка Германавічы, на тэрыторыі якога знаходзяцца некалькі прадуктовых магазінаў. Асабліва прывабным для пакупнікоў, па словах саміх вясковых жыхароў, стаў гандлёвы павільён “Крама” індывідуальнага прадпрымальніка Людмілы Мікалаеўны Лабачэўскай, які адкрыўся ў цэнтры Германавіч паўгода таму назад. У гандлёвай кропцы амаль заўсёды шматлюдна.
-Наш магазін адкрыўся перад самым Новым годам, і спачатку асартымент быў значна меншы,- адзначыла гаспадыня магазіна Людміла Мікалаеўна Лабачэўская, якая сама працуе ў магазіне.- Паступова, улічваючы пакупніцкі попыт, пажаданні і прапановы нашых наведвальнікаў, колькасць тавараў павялічылася і на адсутнасць пакупнікоў мы зараз не скардзімся.
Кожны дзень у нашай “Краме” можна купіць свежы хлеб і хлебабулачныя вырабы на любы густ, для гэтага заключаны дамоўленасці з 4 хлебазаводамі Віцебскай вобласці і 2 горада Мінск.Па магчымасці працуем без пасрэднікаў, малако і кісламалочныя прадукты паступаюць непасрэдна з заводаў, асноўным пастаўшчыком малочных вырабаў з’яўляецца “Савушкин продукт”. Пакупніцкім попытам карыстаюцца кандытарскія вырабы ад вядомых беларускіх вытворцаў, мясная замарожаная прадукцыя, рыбная прадукцыя розных відаў, безумоўна, крупы, гарбата, кава,цукар, соль, безалкагольныя напіткі, шэраг харчовых тавараў на кожны дзень. У нашым невялікім магазіне вы знойдзеце і неабходныя прадукты для святочнага стала. Вялікім попытам у жыхароў аграгарадка Германавічы карыстаюцца торты, якія прывозім на заказ з Міёрскага хлебазавода. У нас не прадаецца моцны алкаголь і мы не імкнёмся да гэтага. А дзякуючы таму, што з пастаўшчыкамі працуем напрамую, фарміруем невялікую гандлёвую нацэнку, таму і асацыіруемся ў людзей як “магазін нізкіх цэн”. Пры гэтым нашы прадукты заўсёды свежыя і добрай якасці.
Прадуктовы магазін “Крама” – наш сямейны бізнес. Аднаму чалавеку займацца бухгалтэрыяй, прымаць тавар, вырашаць шэраг арганізацыйных пытанняў і пры гэтым сустракаць кожнага свайго пакупніка з усмешкай, безумоўна, немагчыма. І ў мяне адной на ўсё гэта, не хапіла б ні сіл, ні часу.Вялікую падтрымку заўсёды адчувала ад сваёй сям’і, арганізаваць гандаль на належным узроўні мне дапамагаюць сын і нявестка.
Цудоўныя дзелавыя адносіны ў нас склаліся з кіраўніцтвам Германавіцкага сельскага Савета, у выніку неабходнасці яны заўсёды аказваюць нам пасільную дапамогу, за якую мы вельмі ўдзячныя.
А ўвогуле хачу сказаць, што прафесія работнікаў гандлю – творчая і цікавая, яе поспех залежыць ад умення размаўляць з людзьмі, прапанаваць ім неабходны тавар, расказаць аб яго якасцях, немалаважна прыгожа аформіць вітрыны і прылаўкі. А самае галоўнае, трэба любіць справу, якой займаешся і, ў першую чаргу, арыентавацца на пажаданні сваіх пакупнікоў, улічваць іх меркаванне. Тым больш, што людзі ў Германавічах – асаблівыя, вельмі добразычлівыя, шчырыя і цярплівыя. У горадзе такіх у наш час не часта сустрэнеш. І працаваць з імі адно задавальненне.

