Прадавец вясковага магазіна

Актуальное

IMG_8966hh (Копировать)Прафесія прадаўца  — самая распаўсюджаная ў гандлі. Менавіта гэты чалавек бліжэй за ўсіх стаіць   да пакупніка, а значыць ад таго, наколькі сумленна і якасна ён будзе выконваць свае абавязкі,  залежыць рэпутацыя ўсяго гандлёвага прадпрыемства ў цэлым.  А таму значная і вельмі адказная роля прадаўца. І менавіта гэту прафесію 16 гадоў назад абрала для сябе Вольга Барысаўна Шашок – загадчыца магазіна № 120 вёскі Ручай, якая з 2000 года працуе ў сістэме спажывецкай кааперацыі раёна.

-У асартыменце нашага вясковага магазіна ўсе неабходныя тавары прадуктовых і непрадуктовых груп, улічваецца пакупная здольнасць розных катэгорый насельніцтва. Свежы хлеб і малочныя вырабы завозяцца тры разы ў тыдзень, мясная прадукцыя – два разы. Усе неабходныя прадукты і тавары ў нас ёсць, а таму  ў наш магазін з задавальненнем прыходзяць людзі і з суседніх невялікіх вёсак. Увогуле хачу сказаць, што магазін у жыцці сяльчан займае асобае месца. Гэта тая установа, куды людзі звяртаюцца амаль што кожны дзень. У магазіне людзі могуць сустрэцца, пагутарыць, абмеркаваць хвалюючыя пытанні і зрабіць пры гэтым неабходныя пакупкі. А я, у сваю чаргу, раблю ўсё магчымае для таго, каб задаволіць патрэбы насельніцтва, своечасова заказваю неабходныя тавары, дапамагаю зрабіць пакупку, а ў цяперашні час, у сувязі з абменам грашовых знакаў, яшчэ і дапамагаю зарыентавацца ў цэнах. Прафесію сваю люблю і стараюся зрабіць усё магчымае, каб людзі з задавальненнем вярталіся ў наш магазін ізноў.

Прафесія прадаўца у цяперашні час вельмі запатрабаваная, хоць і зусім няпростая. І сапраўды, далёка не кожны чалавек валодае неабходным цярпеннем і вытрымкай, умее пазбегнуць канфліктнай сітуацыі і пры гэтым застаецца камунікабельным, ветлівым, уважлівым да сваіх пакупнікоў. Усе гэтыя якасці ўласцівы  Вользе Шашок,-адзначыла кіраўніцтва філіяла “Шаркаўшчынскі кансервавы завод” УКТП “Полацкая універсальная база”. Пра гэта лепш за ўсё сведчыць той факт, што тавараабарот у Ручайскім магазіне за мінулы месяц склаў 165 мільёнаў рублёў, даведзенае заданне ў невялікай гандлёвай кропцы  рэгулярна выконваецца на 100 працэнтаў.

А напярэдадні прафесійнага свята Вольга Барысаўна Шашок пажадала ўсім сваім калегам ўсяго таго, што неабходна кожнаму: здароўя , шчасця і дабрабыту ў сем’ях. А на пытанне: “У чым сакрэт паспяховай работы прадаўца?” адзначыла наступнае: у аптымізме, і ўважлівых адносінах да кожнага пакупніка. А яшчэ трэба сумленна працаваць, каб людзі маглі давяраць свайму прадаўцу.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *