Вывучэнню гістарычнага мінулага заходніх рэгіёнаў Віцебшчыны, яго знакамітых людзей, адметных падзей, а таксама напрацоўкам аматараў-краязнаўцаў за апошні год была прысвечана краязнаўчая канферэнцыя, якая прайшла напрыканцы ліпеня ў Германавічах па ініцыятыве і пры непасрэднай арганізацыі Ады Эльеўны Райчонак. На мерапрыемстве сабралася каля дваццаці чалавек з нашага раёна, з Міёр, з Браслаўшчыны і Глыбоччыны.
Канферэнцыя пачалася пад гукі старажытнага беларускага інструмента — дуды, на якой іграў Віталь Воранаў. А першым з дакладчыкаў выступіў настаўнік з вёскі Залессе, што на Глыбоччыне, Рыгор Шарыпкін. Тэма яго выступлення — “Сем цудаў Залесчыны”. Краязнаўца пры дапамозе мультымедыяўстаноўкі дэталёва расказаў пра тую работу, якой ён займаецца разам з вучнямі, — вывучэнне каменных валуноў і крыжоў у сваіх мясцінах.
Выкладчык гісторыі і эканомікі Відзаўскага прафліцэя Леанід Дзікцяроў прадставіў прэзентацыю пад назвай “Стварэнне відэафільмаў на краязнаўчую тэматыку”. Таксама ён прадэманстраваў адзін са сваіх фільмаў “Святыя дрэвы”, які зняў разам з навучэнцамі ліцэя.
Цікавым быў аповед браслаўчаніна Віктара Бунты пра марскія суды з назвамі беларускіх гарадоў. Асобна Віктар спыніўся на вялікім рыбалавецкім траўлеры “Браслав”. Гэты карабель у 1960-х гадах плаваў па прасторах Ціхага акіяна. У тыя часы браслаўская моладзь, камсамольцы вялі перапіску з маракамі судна-цёзкі іх горада.
Выкладчык чэшскага ўніверсітэта з горада Брно Віталь Воранаў, чые продкі жылі на Глыбоччыне, расказаў прысутным пра работу, якую ён вядзе ў справе адраджэння старажытнага музычнага інструмента — дуды. Дарэчы, Віталь ужо выступаў на фэстах у
Параф’янаве, Удзеле, Лучаі і сёлета на “Вішнёвым фестывалі” у Глыбокім. У далейшым ён хоча арганізаваць штогадовае свята ў Глыбокім пад назвай “Глыбоцкая дуда”.
Журналіст Зміцер Лупач паведаміў шмат цікавага пра гісторыю і сучаснасць Беразвецкага манастыра ў Глыбокім, а таксама пра само мястэчка, якое цяпер з’яўляецца састаўной часткай горада.
Набліжаецца чарговы фестываль “Яблычны фэст” у Алашках, які сёлета пройдзе 20 жніўня. Таму жыццю і навуковай дзейнасці садавода Івана Сікоры быў прысвечаны даклад Ады Райчонак. Яна ж расказала пра захады па далейшым захаванні слаўнага імя селекцыянера, яго музея і сада.
Горад Міёры на канферэнцыі прадстаўляў вучань знакамітага не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі гісторыка Вітольда Ермалёнка Ігар Кандратовіч — студэнт гістфака БДУ. Ён шмат цікавага расказаў пра гістарычныя знаходкі (артэфакты), якія нядаўна папоўнілі калекцыі музея міёрскай сярэдняй школы № 3.
У выступленнях прынялі ўдзел і шаркаўшчынскія аматары-краязнаўцы: Уладзіслаў Ляскоўскі, Кліменцій Кожан, Людміла Ардынская. Цікава было паслухаць глыбачаніна Генадзія Плавінскага. Менавіта дзякуючы яму ў Глыбокім у Скверы славутых землякоў усталяваны бюст Эліэзеру Бэн-Іегудзе — адраджальніку мовы іўрыт.
Апошнім выступоўцам быў рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун. Свой даклад ён прысвяціў дзейнасці знакамітага агранома Баляслава Лапыра, які працаваў на Глыбоччыне ў пачатку мінулага стагоддзя. У гісторыю ён увайшоў таксама як і змагар за нацыянальную самастойнасць беларусаў.
Дарэчы будзе сказаць, што выступоўцы задавалі адзін аднаму пытанні, тлумачылі некаторыя аспекты, выказвалі свой пункт погляду, меркаванне па акрэсленых пытаннях і тэмах. Відавочна тое, што такія сустрэчы вельмі карысныя, бо тут адбываюцца новыя знаёмствы, праходзіць абмен думкамі, ставяцца пэўныя планы і задачы па вырашэнні пытанняў далейшага развіцця краязнаўства, як навукі, накіраванай на адрадджэнне і вывучэнне гістарычнага мінулага нашага краю.
Сяргей РАЙЧОНАК