“Вішнёвы настрой” падарылі глыбачанам удзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”

Актуальное

20130728-133508-122Менавіта такую назву насіла сустрэча ўдзельнікаў народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” з глыбачанамі, якая адбылася 21 ліпеня ў дзень святкавання “Вішнёвага фестывалю”. Пра падзею расказвае кіраўнік аб’яднання Кацярына Мар’янаўна Сосна:

— Трэба сказаць, што дождж прымусіў памяняць запланаванае месца сустрэчы і “паэтычны панадворак” замест выступлення на Цэнтральнай плошчы горада перамясціўся ў раённы Цэнтр культуры. Але гэта не перашкодзіла правесці вечар на высокім узроўні ў цёплай, сяброўскай атмасферы.

Творчы вечар адкрыла глыбачанка, самадзейны кампазітар Ганна Шакола, якая выконвала песні на словы мясцовых паэтаў. Прыемна, што яна напісала музыку і праспявала дзве песні на словы Людмілы Ардынскай — удзельніцы нашага “Світанка”. Выступленні шаркаўшчынскіх паэтаў суседзі ўспрымалі бурнымі апладысментамі. Мы падрыхтавалі праграму цікавую і змястоўную з дапамогай Надзеі Вайцюль — кіраўніка народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору, якая нядаўна далучылася да нашага аб’яднання. Надзея была не толькі вядучай праграмы, але і чытала свае вершы. Як было не напісаць пра вішні пачынаючай паэтцы, калі яна сама з вёскі Вішнявец. Надзея, не абышлася без свайго нязменнага акампаніятара Ядзвігі Туронак. Яны пад баян завяршалі праграму выступленняў частушкамі.

Застаецца сказаць, што радавалі глыбачан сваімі вершамі і песнямі яшчэ і Надзея Паляк, Людміла Ардынская, Ала Міхайлава, Святлана Клімза.

Як напамін аб мінулагодняй сустрэчы Глыбоцкая раённая бібліятэка зрабіла і падарыла нам буклет “Вішнёвыя пачытанкі”, а намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Леанідаўна Малатоўнік уручыла нам дыплом за актыўны ўдзел шаркаўшчынскага народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” у “Вішнёвым фестывалі”.

Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *