Пра цікавыя мерапрыемствы, якія адбыліся ў іх, нам расказваюць вучні Лужкаўскай, Більдзюжскай, Велікасельскай школ

Актуальное

СВЯТА ЎРАДЖАЮ
Нядаўна ў нашай школе прайшло свята ўраджаю. Да яго доўга рыхтаваліся, падводзіліся вынікі года, падлічваўся атрыманы на прышкольным участку ўраджай. Да свята кожны клас падрыхтаваў асеннюю кампазіцыю, асенні тамісман, а таксама нумар мастацкай самадзейнасці. Кампазіцыі атрымаліся вельмі цікавыя. Тут і лясныя звяры з агародніны, і снегавік з капусты, і дзедка з бабкай з гарбузоў і кабачкоў. А колькі смачных страў падрыхтавалі вучні 11, 7, 5, 6 класаў!  Зал быў упрыгожаны лісцямі кленаў і дуба, кветкамі і калоссем. Гучалі песні, жарты. Здавалася, што мы на сапраўдным Лужкоўскім кірмашы. У пачатку свята многа добрых слоў у адрас вучняў сказала дырэктар школы Л. В. Гараніна. Яна ўручыла падарункі тым, хто стаў пераможцамі у зборы макулатуры, павіншавала вучняў 11 класа, хто атрымаў пашпарт і ўручыла ім кнігі. Свята ўдалося, ва ўсіх засталіся толькі добрыя ўражанні.
Яўгенія КІРСАНАВА,
вучаніца 8 “А” класа Лужкаўскай сярэдняй школы.

ЯСКРАВА, ЦІКВА, ЗАПАМІНАЛЬНА
Вельмі хутка закончыліся восеньскія канікулы. Асабіста ў мяне яны пакінулі вельмі прыемныя ўспаміны, бо прайшлі цікава і насычана. Чым больш усяго яны запомніліся, я спытала ў некаторых вучняў нашай школы.
Канікулы пачаліся з разумовай працы — алімпіяды па матэматыцы. “Задачы на алімпіядзе былі цяжкімі, але цікавымі. На мой погляд, матэматыка вельмі захапляльны прадмет, таму заданні мы рашалі з задавальненнем”, — паведаміў вучань 9 класа Яўген Корсак. Акрамя яго ва ўнутрышкольнай алімпіядзе па матэматыцы прынялі ўдзел 12 вучняў 8—11 класаў.
Алімпіяда прымусіла ўсіх папрацаваць, але затое вечар адпачынку “Рытмы восені” паклаў пачатак канікулярнаму тыдню.
У панядзелак вучні 1—4 класаў здзейснелі захапляючае падарожжа ў краіну Правапарадку. У вучня 4 класа Арцёма Жука яно пакінула незабыўныя ўражанні: “Для сябе я пазнаў там шмат новага, напрыклад, пра знакі дарожнага руху”.
Першага лістапада вучні 5—7 класаў наведалі музей “Спадчына” у Шаркаўшчынскай СШ № 2. Таццяна Чарняўская цікавіцца гісторыяй роднай краіны, таму для яе гэта экскурсія стала сапраўдным падарункам: “Заўжды цікава паглядзець як жылі нашы продкі, я вельмі хацела б часцей наведваць розныя музеі”. “А лепш, каб і ў нашай школе арганізавалі краязнаўчы музей”, — дапоўніў Таццяну яе сябар Андрэй Сцепулёнак.
Наступны дзень стаў для вучняў 2—4 класаў днём бяспекі на тэму “Правілы карыстання сучаснымі электрапрыборамі”. “Гэтыя правілы павінен ведаць кожны чалавек, каб пазбегнуць пажараў і няшчасных выпадкаў”, — гаворыць удзельніца мерапрыемства Насця Калініна, і з ёй цяжка не згадзіцца.
У гэты ж дзень вучні 6—7 класаў арганізавалі шахматна-шашачны турнір. І, як выказаліся яго ўдзельнікі, гульня захапіла ўсіх.
У Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі нашы вучні павіншавалі ветэранаў вайны і пажадалі ім шмат здароўя.
Пачалася другая чвэрць, і мы спадзяёмся, што яна пройдзе таксама яскрава і хутка, як праляцелі незабыўныя восеньскія канікулы.
Юля АБРАМЧЫК,
вучаніца 9 класа Більдзюжскай СШ.

У ГАСЦЯХ У ПАЖАРНЫХ
Мы, вучні шостага і адзінаццатага класаў, пабывалі на экскурсіі ў пажарнай часці нашага раёна з класным кіраўніком Сяргеем Рафаілавічам Ганебным і настаўнікам геаграфіі Васіліем Васільевічам Рымдзёнкам.
У дзяжурнай часці нам расказалі, як паступаюць званкі-выклікі. На пульце запісваецца размова, хто і адкуль тэлефануе. А за безпадстаўны выклік падманшчыка чакае штраф. Нам яшчэ раз нагадалі нумары, па якіх можна выклікаць дапамогу з гарадскога і сотавага тэлефона: 101, 102, 103, 104. Мы і самі паспрабавалі патэлефанаваць. На прыборах высвятліўся нумар, адкуль тэлефанавалі, на каго запісаны тэлефон, паўтор размовы і іншая інфармацыя. Нас правялі ў пакой, дзе адпачываюць пажарныя падчас сутачнага дзяжурства. Праўда, адпачываюць зусім мала — 4 гадзіны, але пасля дзяжурства ў іх 2 выхадныя. Напрыканцы мы наведалі гаражы, дзе знаходзяцца пажарныя машыны. Нам расказалі, што на ЗІЛах цяпер амаль не ездзяць, толькі ў выпадках, калі трэба адначасова выязджаць на 2 пажары. ЗІЛы марудныя, іх хуткасць да 50-60 км/гадз, у іх змяшчаецца 2 тоны вады. Асноўны транспарт нашых пажарных — КАМАЗы і МАЗы. На пажар абавязкова выязджаюць 4 машыны з дастатковай колькасцю вады для тушэння. На кожнай машыне ёсць лесвіца, якой хапае на тры з паловай паверхі. А калі трэба вышэй, то бярэцца драўляная лесвіца з крукамі. З іх дапамогай можна разбіць акно і зачапіцца за падаконнік.
Мы паспрабавалі падыхаць сціснутым кіслародам з балона, які выкарыстоўваюць пажарныя ў задымленых памяшканнях, а потым нам дазволілі пасядзець у пажарных машынах.
Экскурсія была вельмі цікавая і ўсім нам вельмі спадабалася, асабліва хлопцам, якія, канешне, спыталі, як стаць пажарным, і атрымалі падрабязны адказ.
Вераніка РАБІЗА,
вучаніца 6 класа Велікасельскай СШ-сада.




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *