27—28 ліпеня велатурысты з Зоркі здзейснілі веласіпедны турыстычны паход па маршруце Зорка—Мосар—Глыбокае—Зорка. У ім удзельнічалі старэйшыя вучні Зоркаўскай базавай школы, члены велаклуба “Кола” (Уладзіслаў Сташкевіч, Мілана Хрол, Дар’я Фаміна, Арына Толсцік, Андрэй Язёнак), а таксама былыя ўдзельнікі велаклуба Сцяпан Хрол (зараз вучань Германавіцкай школы) і Ілья Язёнак (зараз студэнт гістарычнага факультэта Віцебскага педуніверсітэта). Да іх далучыліся настаўнікі школы, аматары велатурызму, Мая Яўгенаўна Якімовіч, Ірэна Эдуардаўна Якімовіч, Сямён Вітальевіч Фамін, Расціслаў Расціслававіч Гарачка. Традыцыйным арганізатарам паходу і яго штурманам быў Віктар Сцяпанавіч Морхат. Ён і расказаў нам пра ўбачанае падчас велавандроўкі:
— Мэта нашага паходу — працяг вывучэння роднага краю ў рамках школьнага праекта “Дзісеншчына: побыт, гісторыя, людзі”.
Глыбоччына — своеасаблівы і цікавы куток Беларусі, развіты ў гаспадарчых адносінах, адметны ў гісторыка-культурным плане. У 2012 годзе горад Глыбокае меў гонар быць цэнтрам рэспубліканскага свята — Дня беларускага пісьменства. Па плошчы (1,8 тыс. км2) раён займае 10-е месца сярод раёнаў Віцебскай вобласці.
Апоўдні першага дня падарожжа мы былі ў вёсцы Мосар, у райскім куточку, створаным стараннямі Юзафа Булькі, ксяндза-прэлата касцёла святой Ганны. Для апісання гэтага куточка дазвольце выкарыстаць сведчанні глыбоцкіх журналістаў В. Батвінёнка і А. Кур’яновіча (“Веснік Глыбоччыны”, 1991 г.). Словы глыбачан супадаюць з нашымі адчуваннямі… “Звычайная дарога. Звычайныя, хаця і дагледжаныя вёскі, і раптам — гэта ўсё абрываецца і трапляеш нібыта ў іншы свет і ў іншы час. Нібыта ў казцы, перад вачыма вырастае парк з зелянеючымі, акуратна падстрыжанымі газонамі, туямі, дарожкамі, фантанамі, перакіднымі прыгожымі мосцікамі… І вакол кветкі, кветкі, кветкі, аб існаванні большасці з якіх нават не падазраваў…”
А па сведчаннях замежных турыстаў, якія пабывалі тут, у Мосары “бачыш другую Швейцарыю ці Версаль, славуты сваімі класічнымі паркамі”.
У музеі, размешчаным на тэрыторыі касцёла, адлюстравана мясцовая гісторыя, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, антыалкагольная тэматыка. Тут жа створаны спецыяльны куток, які знаёміць з жыццёвым шляхам Юзафа Булькі (1925—2010). Ён з 1988 года, стаўшы тут настаяцелем касцёла святой Ганны, праводзіў вялікую работу сярод дзяцей, моладзі, накіраваную на духоўна-маральнае выхаванне. Яго праца адзначана прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, медалём Францыска Скарыны.
Дзень першы падарожжа мы завяршылі адпачынкам на адным з азёр у Глыбокім, смачнай вячэрай, прыгатаванай на паходным вогнішчы, начлегам у турыстычных палатках, раскінутых ля возера.
Другі дзень з самай раніцы мы аддалі знаёмству з горадам. Перш-найперш мы наведалі мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы Барок, прысвечаны трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. У верасні 1941 года каля былога Беразвецкага манастыра фашысцкія акупанты стварылі лагер для масавага знішчэння ваеннапалонных (шталаг № 351). Як сведчыць Акт Глыбоцкай раённай камісіі па расследаванні злачынстваў гітлераўскіх захопнікаў на тэрыторыі раёна ў 1941—44 гг. (25 сакавіка 1945 г.) “…за период существования Березвечского лагеря в нем было замучено и расстреляно немцами 27 тысяч советских военнопленных”. Акрамя ваеннапалонных, у Барку знішчаны сотні яўрэйскіх сем’яў, сотні грамадзян былой Вілейскай вобласці, западозраных акупантамі у супраціве. Месцы пахаванняў ахвяр адзначаны цяпер сімвалічнымі камянямі, помнікамі і скульптурамі.
З гісторыяй Глыбокага, з мінулымі стагоддзямі горада і яго сённяшнім днём мы пазнаёміліся ў гісторыка-этнаграфічным музеі, размешчаным на вуліцы Энгельса, 24.
Існуе меркаванне, што кропкай адліку гісторыі горада з’яўляецца 1414 год, калі Зяновій Братошыч, продкі якога перасяліліся ў Літву пры Ягайлу і паходзілі з сербскіх князёў, атрымаў ад вялікага князя ВКЛ Вітаўта дазвол на валоданне бацькоўскімі маёнткамі, сярод якіх было і Глыбокае. Так што нядаўна Глыбокае адзначала сваё 600-годдзе!
Герб горада Глыбокае зацверджаны 20 студзеня 2006 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам. Герб уяўляе сабой “іспанскі шчыт”, на сярэбраным полі якога блакітная сцяна з трыма зубцамі. На фоне сцяны выявы дзвюх скрыжаваных шабель. Паміж клінкамі шабляў, а таксама справа і злева ад іх тры безанты (умоўныя выявы залатых манет). У мінулыя стагоддзі, часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай, горад не меў свайго герба, бо не меў магдэбургскага права (права на самакіраванне) і быў прыватным уладаннем родаў Зяновічаў і Корсакаў. Сімволіка сучаснага герба лёгкая для тлумачэння. Блакітны фон нагадвае, што Глыбоччына — край азёр. Пра ажыўлены гандаль, якім заўсёды вызначалася Глыбокае, гавораць выявы залатых манет. Скрыжаваныя шаблі сведчаць, што горад у старыя часы меў узброеную варту з мяшчан (жыхароў горада)…
З Глыбокім і Глыбоччынай звязаны імёны многіх славутых людзей. Тут жыў і працаваў мастак, этнограф, пісьменнік Язэп Драздовіч (1888—1954). У Празароках жыў заснавальнік беларускага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі (1861—1917). З Глыбоччыны паходзіць палітычны дзеяч, гісторык, пісьменнік Вацлаў Ластоўскі (1883—1938). У былым маёнтку Акунёва пад Глыбокім нарадзіўся польскі пісьменнік, журналіст Тадэвуш Даленга-Мастовіч (1898—1939), аўтар вядомага (больш па кінафільме) рамана “Знахар”. Глыбокае — радзіма авіяканструктара, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Паўла Восіпавіча Сухога (1895—1975), стваральніка рэактыўных знішчальнікаў “СУ”. Аб гэтых людзях з Глыбоччыны ў музеі расказваюць змястоўныя “індывідуальныя” стэнды…
Яркія ўражанні атрымалі мы пры знаёмстве з некаторымі архітэктурнымі помнікамі Глыбокага. Здаецца, найбольш часу мы аддалі экскурсіі ў царкву Раства Багародзіцы на цэнтральнай плошчы 17 верасня. Мы даследавалі пабудову ўсю, знізу даверху, ад падвалаў да вяршыні вежы. Царква гэтая — частка кляштарнага комплексу каталіцкага ордэна кармелітаў, узведзенага ў 17—18 стст. Пасля паўстання 1863 года царскі ўрад закрыў кармеліцкі кляштар, у 1878 годзе касцёл пераасвяцілі ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы. Пад царквой — глыбокія падвалы, якія ў мінулым былі і месцам пахавання святароў, манахаў кляштара, і турмой (душыцель паўстанняў губернатар М. М. Мураўёў ператварыў кляштар на некаторы час у маі 1831 года ў следчы ізалятар).
Унутранае аздабленне храма пакідае незабыўнае ўражанне. З твораў іканапісу вялікую каштоўнасць мае абраз “Маці Божая з дзіцём” (1738). Яго сярэбраная з пазалотай аправа — выдатны твор мастацтва.
Помнікі культавай архітэктуры на плошчы 17 верасня адлюстроўваюць складанае рэлігійнае жыццё ў мінулым, няпростыя адносіны праваслаўя, уніяцтва, каталіцызму.
Па вельмі стромкіх лесвічных прыступках з мноствам паваротаў мы ўзняліся на вяршыню адной з царкоўных вежаў. Перад намі адкрылася неабсяжная панарама горада і наваколля. Уражанне незабыўнае…
Дадому мы вярнуліся 28-га вечарам каля дзевяці гадзін. Дарэчы, трэба заўважыць, што надвор’е нам спрыяла. У першы дзень спякота ўраўнаважвалася лёгкім сустрэчным ветрыкам, а на другі дзень хмары праліліся дажджом не над намі. А наступныя вершаваныя радкі найлепей скажуць пра перавагі і радасці вандроўкі на веласіпедах.
Яркай стужкай дарога
Перад намі бяжыць,
Незвычайнага многа
Абяцае адкрыць.
Тут за кожным пагоркам
Новы край-далягляд,
Вечаровая зорка
Нас не верне назад.
Нехта едзе на мора,
Нехта ў лес па грыбы,
Мы з сябрамі — на ровар,
І далей ад нуды!
— Гэй, хто з намі?
На ровар —
І далей ад нуды!
Падрыхтаваў матэрыял да друку Андрэй БУРЭЦ





