Японцам спадабалася гасціннасць шаркаўчан

Актуальное

723Шмат падвор’яў з выставамі-продажам кулінарных вырабаў, з майстар-класамі па ганчарстве, лозапляценні, ткацтве працавалі падчас “Яблычнага фэсту” у Алашках. Дырэктар Дома ганчара аграгарадка Германавічы Сяргей Рымдзёнак дэманстраваў, як звычайная гліна ва ўмелых руках ператвараецца ў посуд, цацкі і іншыя рэчы. Яго жонка, ткачыха Анна Рымдзёнак, на кроснах (стражытнабеларускі ткацкі станок) паказвала працэс вырабу посцілак. Дарэчы, было многа жадаючых наведаць майстар-клас у Анны, каб уласнымі рукамі вырабіць хоць невялікую палоску на тканіне. Побач размесцілася выстава вырабаў майстроў Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра рамёстваў.

Не з пустымі рукамі завіталі ў Алашкі і народныя ўмельцы з Віцебшчыны. Другі год запар у свяце ўдзельнічаюць гарадоцкія майстры па лозапляценні, пастаўскія — па бісерапляценні. Калекцыі авангарднай моды прадставілі Міёрскі раённы Дом культуры і Германавіцкі Цэнтр культуры і народных традыцый. Наогул, усіх і пералічыць цяжка.

Упершыню на фестываль завітаў рамеснік з Глыбокага Яўген Канапелька. З сабой ён прывёз незвычайны станок у выглядзе вялікай калоды. Да яе зверху прымацаваны металічны прэс. У спецыяльную адтуліну кладзецца металічная загатоўка. А потым пасля ўдару па ёй вялізным молатам атрымоўваецца памятная святочная манета, дзе на аверсе лагатып фестывалю — яблык, а на рэверсе знакі Задыяка. Жадаючым прапанавалася набыць зробленыя літаральна за паўхвіліны манеты з розных металаў — алюміній, латунь, медзь.

Сярод гасцей “Яблычнага фэсту”, як мы ўжо пісалі ў папярэдніх нумарах раённай газеты, прысутнічала дэлегацыя прадстаўнікоў краёвага самакіравання з горада Даўгаўпілса (Латвія), танцавальныя калектывы з гэтай рэспублікі. Заўважаны былі сёлета і госці ажно з Японіі. Для жыхароў Алашак было нязвыклым бачыць у сваёй мясцовасці прадстаўнікоў Краіны ўзыходзячага сонца. Высветлілася, што грамадзяне Японіі цяпер адпачываюць у санаторыі “Лясное” Докшыцкага раёна, а ў Алашкі прыехалі разам з работнікамі дадзенай установы аховы здароўя.

Як пасля выказаліся самі японцы, ім вельмі спадабаліся стравы з бульбы, а таксама кулінарная выпечка, у прыватнасці, бліны, спечаныя на калодзе. Засталіся яны задаволеныя шчырай гасціннасцю шаркаўчан, якія цёпла сустрэлі і расказалі пра слаўныя традыцыі, знакамітых людзей шаркаўшчынскай зямлі.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *