28 жніўня ў ААТ «Жвіранка» адсвяткавалі Дажынкі

Актуальное

IMG_1565

У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе нарадзіўся, вырас. Ёсць зямля, якая яго ўскарміла, ёсць калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. І менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа. Бо тут заўсёды светла і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога… Гэта там, у родным куточку, звыклую ранішнюю цішыню абуджаюць галасістыя пеўні, недзе ў хляве працяжна і адзінока адзавецца кароўка. Прачынаецца, ажывае вёска разам з узыходам сонца. А колькі цёплых, шчырых слоў можна пачуць пра вёску ў песнях і вершах? Здаўна вядзецца, калі быў сабраны ўраджай у полі ды агародзе ўсё наладжана, вёска святкавала, песні спявала, і гасцей сустракала.

Так было і на гэты раз. Ясным сонечным днём з’ехаліся на свята вёскі жыхары аграгарадка Більдзюгі. На нейкі час яны забыліся пра вялікія і малыя справы, расхінулі наўсцяж свае душы і ўліліся ў святочны карагод.

Падрыхтоўка да свята пачалася загадзя: жыхары вёскі наводзілі парадак на сваіх падворках, фарбавалі агароджы, падмяталі вуліцы.

Свята праходзіла на адкрытай пляцоўцы каля Більдзюжскага сельскага Дома культуры і канторы ААТ “Жвіранка”. Тут сабраліся мясцовыя жыхары, моладзь, госці з суседніх вёсак, каб адсвяткаваць адразу два святы “Дажынкі” і свята аграгарадка Більдзюгі пад назвай “Ад весялосці не бывае злосці”.

Пачалося святочнае мерапрыемства з абрада — “Дажынкі” ў выкананні Каўшэлеўскага Дома фальклору. Жнеечкі правялі абрад і цікавую гульню для прысутных, уручылі вянок з кветак старшыні ААТ “Жвіранка” Пятру Спірыдонавічу Ананька.

Зрэшты, і ў гэты дзень праца апынулася ў цэнтры ўсеагульнай увагі. Дакладней, людзі працы. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Пётр Спірыдонавіч з задавальненнем назваў прозвішчы працаўнікоў і запрасіў іх атрымаць заслужаныя прэміі.

З віншавальным словам звярнулася старшыня Більдзюжскага сельскага Савета Алена Генадзьеўна Чарняўская:

— Я ўдзячна лёсу за тое, што мне пашанцавала працаваць у такім прыгожым месцы —  аграгарадку Більдзюгі. Амаль ля кожнага дома растуць рознакаляровыя кветкі. З вясны да глыбокай восені наш аграгарадок упрыгожваюць яркія фарбы і колеры! Яны паўсюль: каля дамоў, у кветніках, каля школы. У кожнай кветцы — каханне і натхненне гаспадыні. На парозе дамоў — ветлівыя людзі. Тыя, чыімі рукамі ствараецца прыгажосць вакол нас. Па традыцыі, на свяце вёскі мы выбіраем самыя прыгожыя і добраўпарадкаваныя падворкі. Хочацца адзначыць, што практычна кожны трэці дом заслугоўвае высокай ацэнкі. Пераможцам у аглядзе-конкурсе з’яўляюцца Пётр Геранімавіч і Кір’якея Анур’еўна Лагун, якія атрымліваюць грамату і падарунак.

Людміла Аляксандраўна Карсюкевіч, Васілій Рыгоравіч і Дыяна Аляксандраўна Стрэльчук, Віктар Пятровіч і Рыта Ізотаўна Смулько, Валянціна Гіляраўна Драба, Галіна Сцяпанаўна Туронак, Вячаслаў Іосіфавіч і Іна Фёдараўна Кабак, Ганна Дзмітрыеўна і Аляксандр Георгіевіч Мітчанкавы атрымалі падзячныя лісты за добраўпарадкаванне.

Бадай, не было ў той дзень ніводнага вяскоўца, які б не пачуў у свой адрас добрых слоў. Дружна віталі людзей, якія пакінулі свой след у гісторыі вёскі, хто аддана працаваў на карысць роднага сяла, хто нарадзіў і выгадаваў добрых, сумленных дзяцей, хто дасягнуў значных поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.

Жыхары вёскі накрылі святочны салодкі стол з розным печывам, пірагамі, частаваліся чаем з самавара. Акрамя гэтага, працаваў выязны гандаль, дзе жыхары вёскі маглі набыць марожанае, цукеркі, напіткі, пячэнне.

Да жыхароў вёскі звярнулася намеснік па ідэалагічнай рабоце ААТ “Жвіранка” Анна Мар’янаўна Бездзель. Яна павіншавала ўсіх жыхароў і гасцей са святам: “Нізкі паклон усім тым, хто працаваў на роднай зямлі, і хто працягвае сваю працу і сёння, радуе нас сваімі вынікамі”.

Па традыцыі на свяце ўшаноўвалі старэйшых жыхароў вёскі: Аліну Адамаўну Кавалёнак (1924 г. н.), Валянціну Уладзіміраўну Шульгу (1926 г. н.), Рэгіну Данатаўну Лаўрыновіч (1928 г. н.), Надзею Данатаўну Сардыка (1928 г. н.).

Віншавалі ў гэты дзень з “сярэбраным” вяселлем сем’і Івана і Святланы Матрунёнак, Аляксандра і Алены Валяўка, Івана і Наталлі Валяўка, Пятра і Анны Бездзель. Вядучыя ўручылі кветкі і пажадалі міру і дабра іх дому, трывалага здароўя і вялікага шчасця на доўгія гады.

Былі і тыя, якія ў гэтым годзе стварылі сям’ю: Яўген і Галіна Чарняўскія, а таксама Яўген і Алена Корсак. Уся вёска разам дружна крычала маладым “Горка!”.

Не запамятавалі павіншаваць і юбіляраў: Галіну Антонаўну Більдзюга, якой споўнілася 85 год, Рудольфа Васільевіча Касцюкевіча, Усціна Казіміравіча Касцюкевіча, Якава Васільевіча Самазванава, Зофію Юзэфаўну Жойдзь, якім споўнілася па восемдзесят гадоў, а таксама Франца Мечыслававіча Кукуця, Зою Іванаўну Аўсюкевіч, адзначыўшых сямідзесяціпяцігадовы юбілей. Семдзесят год споўнілася Іосіфу Карнеевічу Заблоцкаму. Усе імяніннікі атрымалі ў падарунак прыгожыя кветкі.

Паважаюць і любяць у сельгаспрадпрыемстве маладых спецыялістаў Руслана Карпава і Анжэлу Вярковіч. Маладым людзям пажадалі моцнага здароўя і аптымізму.

Гучнымі апладысментамі віталі жыхары яшчэ некалькі вяскоўцаў — Аляксандра Чарняўскага, Рамана Кабака, Яраслава Слуцкага, Аміну Шамуратаву, Ксенію Шаўлюга, Аляксандра Прысь, Варвару Курачонак, Канстанціна Драбовіча, Дыяну Зюзелеву. А заслужылі яны такое ўшанаванне таму, што на сённяшні дзень з’яўляюцца самымі маленькімі жыхарамі аграгарадка. У іх яшчэ ўсё наперадзе: і першы крок, і першае слова, і першае каханне, і першы пацалунак, і першы працоўны дзень. А пакуль ім пажадалі расці здаровенькімі і паслухмянымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі на радасць мамам і татам.

Шчырыя словы падзякі ў свой адрас атрымалі медработнік ФАПа Жанна Аляксандраўна Рымдзёнак, мясцовы бібліятэкар Тамара Фёдараўна Кавалёнак, работнік паштовага вузла сувязі Анна Баляславаўна Драбовіч, прадавец Більдзюжскай крамы Алена Віктараўна Скурат.

Не забыліся ў гэты дзень і пра тых, хто служыць у арміі: Арцём Сямёнаў, Юрый Валяўка, Аляксандр Кабак, Юрый Бездзель, Раман Трафімаў, Аляксандр Пятрашка, Вячаслаў Ананіч.

Наогул у той дзень песні гучалі для ўсіх і кожнага, хто прыйшоў на свята вёскі. Іх шчыра дарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці сельскага Дома культуры.

Аднавяскоўцы на свяце спявалі і весяліліся. І ў гэтым была вялікая заслуга самадзейных артыстаў. Яны радавалі ўсіх рознымі цікавымі выступленнямі, душэўнымі песнямі, весялілі прымаўкамі і анекдотамі, прыпеўкамі і прыгаворкамі.

Вяскоўцы былі вельмі ўдзячны арганізатарам свята. Не часта яны ладзяцца ў вёсцы, бо яе жыхары больш прывыклі да працы, чым да гулянняў. Але, калі такая хвіліна настае, адпачываюць шчыра і весела.

Сапраўды, свята аграгарадка Більдзюгі атрымалася прыгожым і годным. І ўсе, хто мае да яго дачыненне, заслугоўваюць шчырых слоў падзякі.

Фота Алены АНАНІЧ

IMG_1507 IMG_1510 IMG_1517 IMG_1522 IMG_1523 IMG_1533 IMG_1536 IMG_1541 IMG_1544 IMG_1546 IMG_1550 IMG_1552 IMG_1577 IMG_1582 IMG_1586 IMG_1588 IMG_1590 IMG_1591 IMG_1593 IMG_1594 IMG_1598 IMG_1601 IMG_1606 IMG_1613 IMG_1621 IMG_1631 IMG_1633 IMG_1636 IMG_1642 IMG_1651 IMG_1654 IMG_1656 IMG_1657 IMG_1659 IMG_1668 IMG_1670



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *