Для кожнага хлопчыка і дзяўчынкі новы навучальны год – гэта пачатак новага этапа ў жыцці. І незалежна ад таго, збіраецца малыш у школу або яшчэ толькі ў дзіцячы садок – верасень для яго абавязкова стане парой сюрпрызаў і новых пачынанняў.
Вось і прадстаўнікі Шаркаўшчынскай раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” з прыемнымі падарункамі ў апошні дзень лета пабывалі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры нашага раёна і падарылі дзецям спартыўны інвентар, некалькі мячоў для гульні і заняткаў рознымі відамі спорта. З пачаткам новага навучальнага года хлопчыкаў і дзяўчынак павіншавалі старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Інакенцьевіч Ан, а таксама прадстаўнікі гэтага грамадскага аб’яднання Раман Антонавіч Більдзюга, Валерый Міхайлавіч Ліпскі і Віктар Казіміравіч Кужэль. А супрацоўнікі раёнага аддзела па надзвычайных сітуацыях яшчэ і падарылі дзяўчынкам, якія ў дзень правядзення дабрачыннай акцыі знаходзіліся ў цэнтры, размалёўкі і цікавыя буклеты для дзяцей на тэму супрацьпажарнай бяспекі .
Трэба адзначыць, прадстаўнікі Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” – даволі частыя госці у сацыяльна-педагагічным цэнтры. Вось і на гэты раз ваеннаслужачыя нашага раёна, як дзеючыя, так і тыя, што знаходзяцца ў запасе, не засталіся ў баку ад праблем дзяцей, якім на дадзеным этапе іх жыцця вельмі неабходна падтрымка дарослых, і дапамаглі падрыхтавацца да пачатку новага навучальнага года. Шчырыя словы ўдзячнасці за аказаную дапамогу ў адрас усіх прысутных выказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра нашага раёна Надзея Станіславаўна Верушэўская.


