Хуткаплыннае лета развіталася з намі апошнім пагодным жнівеньскім днём, а пазаўчора пажаўцелым лістком паклікаў вучняў за парты ў краіну ведаў верасень. Восеньскае сонца сваімі ранішнімі промнямі, прабіваючыся праз пахмурнае неба, ярка пералівалася ў пялёстках шыкоўных букетаў кветак, якія неслі з сабой прыгожа апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі да навучальных устаноў на першы школьны званок.
А дзясятай гадзіне раніцы каля сярэдняй школы № 2 гарадскога пасёлка сабраліся вучні, іх бацькі, знаёмыя, настаўнікі. І вось загучалі фанфары, якія абвясцілі пра пачатак урачыстай лінейкі, прысвечанай святу першага званка.
Па традыцыі, галоўная ўвага была накіравана на тых хлопчыкаў і дзяўчынак, хто ўпершыню пераступае школьны парог. Пад апладысменты разам са сваімі настаўнікамі Вольгай Святаславаўнай Шынкевіч і Вольгай Валер’еўнай Дземідовіч на галоўную пляцоўку ўвайшлі 33 першакласнікі.
На свяце прысутнічалі ганаровыя госці. Гэта старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама М. М. Рубацкі, дырэктар Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння УП “Браслаўгаз” Э. Э. Вялічка, начальнік РКЦ філіяла “Белаграпрамбанк” Т. І. Грыбок, дырэктар УП “Шаркаўшчынскае ПМС” А. С. Дзіковіч, начальнік Шаркаўшчынскага РЭС У. А. Фёдараў.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч. У гэты святочны дзень ён пажадаў усім, хто вучыцца і вучыць, паспяховага супрацоўніцтва і ўзаемнай павагі. Вучням — поспехаў у вучобе, настаўнікам — мудрасці, творчага натхнення ў рабоце, а бацькам — цікавасці да поспехаў сваіх дзяцей. Кіраўнік раёна таксама ўручыў школе сертыфікат на набыццё многафункцыянальнага ўстройства — лазернага прынтара.
Таксама ад імя запрошаных гасцей настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў павіншавала начальнік РКЦ філіяла “Белаграпрамбанк” Т. І. Грыбок. Яна таксама ўручыла школе каштоўны падарунак.
— Гэты дзень вельмі важны для ўсіх людзей, — адзначыла дырэктар школы Алеся Іванаўна Сікора, — таму што, дзе б мы не працавалі, якіх бы вышынь не дасягнулі, аснова жыццёвага поспеху закладваецца менавіта ў школе. Сёлета ў нашай навучальнай установе будзе займацца 281 вучань, з якіх 33 — першакласнікі.
Алеся Іванаўна выказала словы вялікай удзячнасці раённаму выканаўчаму камітэту, арганізацыям-шэфам, настаўнікам, вучням, іх бацькам за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года.
Вучні 11 класа ўручылі першакласнікам кнігі “Беларусь — наша Радзіма” — падарунак Прэзідэнта краіны А. Г. Лукашэнкі.
І вось надышоў самы хвалюючы момант мерапрыемства. Будучы выпускнік Канстанцін Санькоў і першакласніца Аліна Пракоф’ева залівістым і мілагучным званком абвясцілі пра пачатак новага навучальнага года. А лепшыя вучні школы Юлія Альшэўская, Сяргей Сімановіч і Яна Сосна запалілі сімвалічны “факел ведаў”.
У добры шлях, настаўнікі і вучні! Няхай ваш карабель, на якім вы накіруецеся ў краіну ведаў, заўсёды ідзе правільна вызначаным курсам, а ў ветразі дзьме толькі спадарожны вецер!
Сяргей РАЙЧОНАК





























