
Выступленні самадзейных артыстаў у Шаркаўшчынскім Доме культуры ацэньвала кампетэнтнае журы ў складзе: М. Р. Кашапава — начальніка аддзела стацыянарных устаноў сацабслугоўвання вобласці, А. Д. Чарных — спецыяліста Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Т. І. Зубавай — загадчыка арганізацыйнага аддзела абласнога прафсаюза галіны і В. М. Шуман — мастацкага кіраўніка Шаркаўшчынскага Дома культуры.
Выступалі самадзейныя артысты дамоў-інтэрнатаў і цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання з Глыбокага, Пастаў, Браслава, Докшыц, і, зразумела, гаспадары сцэны — раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання і Александроўскі дом-інтэрнат.
На працягу амаль пяці гадзін выступалі ўдзельнікі адборачнага агляду-конкурсу. Вынікі будуць падведзены значна пазней, калі завершацца занальныя выступленні. І, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці члены журы ўзялі сабе “на аловак”, і яны будуць паказаны на абласной сцэне. Адно вядома, што адзначаны выступленні ад нашага раёна, якія пратэндуюць на ўдзел у аглядзе-конкурсе, які пройдзе непасрэдна ў Віцебску: ад Александроўскага дома-інтэрната — дуэт Наталлі Райчонак і Святланы Шарубнёвай з песняй “А ты не бойся” і цыркавы нумар Ірыны Апалька. Ларыса Іванаўна Шпак і Ніна Цярэнцьеўна Шкалава з нашага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання таксама будуць запрошаны на фінальны канцэрт.
Трэба сказаць, што выступленні мог паглядзець любы шаркаўчанін, бо ўваход быў свабодны і бясплатны.
Кацярына СОСНА
