Кнігі пісьменнікаў-землякоў вельмі запатрабаваны і заўсёды знаходзяць жывы водгук у сэрцах людзей. Яны прывіваюць любоў і павагу да гісторыі і культуры роднага краю, дапамагаюць паўней адчуць і асэнсаваць сувязь літаратуры з жыццём, пашыраюць і ўзбагачаюць веды пра родныя мясціны.
Вось і 16 верасня для ўсіх жадаючых сустрэцца з чароўным светам творчасці свае дзверы гасцінна расчыніла цэнтральная раённая бібліятэка. Менавіта ў гэты дзень, каб павіншаваць супрацоўнікаў бібліятэк з прафесійным святам, у госці да іх завіталі ўдзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання «Світанак». Вядомыя паэты і пісьменнікі шаркаўшчынскага краю Кацярына Сосна,Міледзій Кукуць, Людміла Ардынская, Віктар Лагун крыху расказвалі пра сябе і прачыталі свае новыя вершы. Падчас сустрэчы было адзначана, што некаторыя паэтычныя творы удзельнікаў літаратурна-музычнага аб’яднання былі пакладзены на музыку. Так з’явіліся песні на словы Кацярыны Сосна, Людмілы Ардынскай,Міледзія Кукуця. У дзень творчай сустрэчы песні на словы Людмілы Ардынскай і Кацярыны Сосна прагучалі ў выкананні Ірыны Буднік і Алы Міхайлавай. Вельмі спадабаўся ўсім прысутным і гумарыстычны верш «Кара», напісаны Віктарам Лагуном, які для сваіх калег прачытала Ірына Лаўрыновіч.
Літаратурна-музычнае аб’яднанне «Світанак» ні на хвілінку не спыняецца на дасягнутым, працягвае працу, шукаючы і прымаючыда сябе новыя таленты ў паэзіі і прозе. І зараз у ліку «світанкаўцаў» дзіцячая пісьменніца Ірына Тарбецкая, бібліятэкар Лужкаўскай бібліятэкі Лена Гугалінская, дырэктар Каўшэлеўскага Дому фальклору Надзея Вайцюль, якая зусім нядаўна ўвайшла ў склад літаратурна-музычнага аб’яднання і пачала пісаць вершы — яркія, эмацыянальныя, кранаючыя, якія адразу ж знайшлі жывы водгук у душах людзей. Кожнага аўтара бібліятэкары раёна сустракалі прывітальнымі апладысментамі, з задавальненнем слухалі іх вершы. А ўсім удзельнікам народнага літаратурна-музычнага а’яднання «Світанак» пажадалі новых поспехаў, творчых дасягненняў і перамог і паабяцалі, што і надалей будуць прапагандаваць іх творчасць сярод чытачоў. Цікавае мерапрыемства, прымеркаванае да прафесійнага свята – Дня бібліятэк, для сваіх калег правялі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі – Святлана Базарэвіч і Анастасія Буда. На сустрэчы, якая прайшла пад назвай “Упаў радок на белы ліст паперы…”, прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома і яе намеснік Іна Мар’янаўна Шынкевіч, якія шчыра павіншавалі ўсіх супрацоўнікаў цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы раёна з прафесійным святам і падзякавалі ім за творчую карпатлівую працу, адданасць любімай прафесіі і ўважлівыя адносіны да кожнага свайго чытача.



