29 верасня з самага ранку было пахмурнае неба, крыху імжэў дождык, але, нягледзячы на не вельмі добрае надвор’е, у праваслаўны храм іконы “Усіх смуткуючых Радасць” гарадскога пасёлка прыходзілі вернікі. Нагодай для ўрачыстай літургіі стаў дзень нараджэння і трыццацігоддзе служэння настаяцеля царквы протаіерэя Віктара Валашчука.
На малебен у храм завіталі дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі протаіерэй Пётр Бараноўскі, настаяцелі праваслаўных храмаў з вёскі Лужкі і з вёскі Новы Пагост (Міёрскі раён), а таксама прыхаджане царквы “Усіх смуткуючых Радасць” і вучні Нядзельнай школы.
Усе заўважылі, што з пачаткам святочнай літургіі расступіліся на небе хмары, у вокны засвяціла сонейка. Сама прырода нібы ўзрадавалася слову божаму, якое загучала ў сценах храма. Кожны, хто ў той дзень прыйшоў у царкву, у думках прасіў прабачэння і пакаяння за зробленыя жыццёвыя памылкі ў Усявышняга, словамі малітвы, накіраванай да Бога, жадаў сваім родным і блізкім людзям здароўя і доўгіх год жыцця.
Пасля заканчэння літургіі прысутныя па чарзе сталі віншаваць айца Віктара. Протаіерэй Пётр Бараноўскі падкрэсліў, што асабіста знаёмы з ім больш дваццаці год. І за гэты час яны разам дзялілі радасці і нястачы, прывівалі людзям веру ў Бога, запрашалі іх часцей наведваць храм. Айцец Пётр пажадаў настаяцелю храма іконы “Усіх смуткуючых Радасць” доўгіх год жыцця, служэння Богу, любові прыхаджан, веры і надзеі ў лепшае. Да гэтых слоў далучыліся таксама і свяшчэннаслужыцелі з Лужкоў і Новага Пагоста.
Кранаючым падарункам для айца Віктара стала музычнае выкананне некалькіх песень на рэлігійную тэматыку квартэта ў складзе Уладзіміра і Жанны Пундзіс, Алены Савіч і Вольгі Дземідовіч. Вучні Нядзельнай школы пад кіраўніцтвам Зоі Радзюк прачыталі протаіерэю некалькі вершаў, а таксама ўручылі падарункі. Шмат букетаў прыгожых кветак падарылі айцу Віктару прыхаджане, хто ў той дзень наведаў храм, каб шчырымі, цёплымі словамі павіншаваць настаяцеля царквы з днём нараджэння і трыццацігоддзем служэння Богу.
У сваю чаргу, Віктар Валашчук падзякаваў кожнаму за тую ўвагу, якую прыхаджане царквы праявілі да яго. Падзякаваў за тое, што яны не забываюць дарогу да храма, з верай, надзеяй і любоўю наведваюць богаслужэнні.
— Дзякуй усім, хто сёння разам са мной раздзяліў свята майго дня нараджэння, — сказаў протаіерэй Віктар Валашчук. — Няхай кожнага з вас вядзе па жыцці анёл-ахоўнік, засцерагае ад бед, нястач, хвароб і нядобрых людзей. Шчасця, здароўя і любові вам у жыцці!
Трэба было бачыць, з якім узнёслым настроем выходзілі пасля ўрачыстасці з храма прыхаджане. Ва ўсіх на вуснах былі ўсмешкі, у вачах зіхацела радасць і задавальненне ад шчырых і ўзнёслых слоў малітвы, выказаных у той дзень свяшчэннаслужыцелямі і асабліва ад слоў протаіерэя Віктара Валашчука — настаяцеля храма іконы “Усіх смуткуючых Радасць” — храма, дзверы якога заўсёды адкрытыя для любога чалавека.
















































