У другую нядзелю кастрычніка ў краіне адзначаецца прафесійнае свята тых людзей, хто сваім лёсам абраў работу ў сферы культуры. Напэўна, гэта адзіная прафесія, якая прызвана ў будні і святы дарыць людзям добры настрой, весяліць іх, даваць пазітыўны зарад энергіі.
Вось і ў нашым раёне больш двухсот чалавек працуюць у розных установах культуры, але выконваюць адну і тую ж функцыю — рэалізуюць культурную палітыку рэгіёну. Усім зразумела, што культура — гэта не толькі яркія і відовішчныя святочныя мерапрыемствы. Гэта, найперш, карпатлівая праца, у якой выпадковыя людзі не затрымліваюцца. Тут шчыруюць толькі тыя, хто прафесію культработніка абраў сваім лёсам і сэнсам жыцця.
На сённяшні дзень ва ўстановах культуры працуюць 114 клубных фарміраванняў, дзевяць з якіх маюць найменне “народны” і “ўзорны”. У іх заняты амаль тысяча чалавек — дарослых і дзяцей. Ні адно раённае мерапрыемства не абыходзіцца без яркіх нумароў калектываў мастацкай самадзейнасці, выступленне якіх заўсёды цёпла ўспрымаецца гледачамі. Гэта тэатр эстраднай песні “Маленькая фея”, эстрадная студыя “Карамелькі”. У прадстаўнікоў старэйшага пакалення масу станоўчых эмоцый выклікае выступленне народных калектываў “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору, “Лужкаўскія песняры” Лужкаўскага СДК і “Груца” Радзюкоўскага СДК. Больш маладым гледачам даспадобы рэпертуар вакальнага гурта “Каліна” Васюкоўскага СДК. Радуе гледачоў народны калектыў авангарднай моды “Гармонія” Германавіцкага Цэнтра культуры і народных традыцый, калекцыі адзення якога дэманструюцца ўжо не толькі на раённай, абласной і рэспубліканскай сцэнах, але і ў замежжы. Не адно пакаленне маленькіх шаркаўчан прайшло праз навучанне ва ўзорным цыркавым калектыве “Мара”, якім нязменна кіруе таленавіты чалавек — Віталій Васільевіч Дарашчонак. Сёлета на міжнародным свяце “Браслаўскія зарніцы” народны хор “Спадчына” на харавой асамблеі заняў першае месца. Дарэчы, у 2016 годзе калектыву спаўняецца 30 год з моманту заснавання. Ля вытокаў стварэння стаяў былы дырэктар раённага Дома культуры Павел Бярнардавіч Сафончык. Пасля яго народны калектыў “Спадчына” ўзначаліла Жанна Леанідаўна Русак — вельмі творчы чалавек і прафесіянал сваёй справы. Яна змагла захаваць тыя слаўныя традыцыі, якія былі закладзены ў калектыве ў сярэдзіне 1980-х гадоў. І, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, Жанна Леанідаўна разам са “Спадчынай” вядзе актыўную гастрольную дзейнсць, вынікам якой з’яўляюцца прызавыя месцы на шматлікіх конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.
Як і ў мінулыя гады, сёлета нашы калектывы мастацкай самадзейнасці прымалі ўдзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у г. Паставы. Аматарскае аб’яднанне “Душэўная ўтульнасць” — у абласным конкурсе “Не старэюць душой ветэраны”.
Майстры раённага Цэнтра рамёстваў і Дома ганчара аграгарадка Германавічы таксама зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку. Штогод яны ўдзельнічаюць у конкурсах профмайстэрства, накіраваных на адраджэнне, захаванне і распаўсюджванне старадаўніх беларускіх промыслаў і рамёстваў. У гэтым годзе Ганна Рымдзёнак стала прызёрам абласнога конкурсу народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”, які праводзіўся ў межах Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.
Напрыканцы верасня квартэт раённага Цэнтра культуры “Рэзананс” і народны ансамбль “Лужкаўскія песняры” Лужкаўскага СДК прадстаўлялі Віцебшчыну на “Восеньскім кірмашы”, які праходзіў у Мінску. Шаркаўшчынскія калектывы дэманстравалі сваё выканаўчае майстэрства перад сталічнай публікай.
Слоў вялікай ўдзячнасці за самаадданую працу заслугоўваюць людзі, якія шмат год працуюць у сферы культуры. Гэта работнікі РЦК — Уладзімір і Жанна Пундзіс, Аксана Міронава, Алёна Сухаверская. На сяле сябе са станоўчага боку зарэкамендавалі загадчыца і мастацкі кіраўнік Каўшэлеўскага Дома фальклору Надзея Вайцюль і Ядзвіга Туронак, загадчыца, мастацкі кіраўнік і акампаніятар Германавіцкага Цэнтра культуры і народных традыцый Вольга Сташкевіч, Святлана Фурс і Святлана Лагун, загадчыца Верацееўскага Цэнтра культуры і адпачынку Алена Цітовіч, загадчыца Васюкоўскага СДК Святлана Васюк, загадчыца Більдзюжскага СДК Людміла Ананіч і іншыя работнікі. Паспяхова ідуць справы і ў маладых спецыялістаў. Актыўную дзейнасць вядуць калектывы мастацкай самадзейнасці Радзюкоўскага сельскага Дома культуры і Зоркаўскага сельскага клуба, дзе загадчыцамі працуюць Анна Іванкіў і Ірына Хаданёнак. Візітнай карткай раёна з’яўляюцца творчыя работы майстроў раённага Цэнтра рамёстваў і Дома ганчара — Вікторыі Дубоўскай, Ірыны Грунінай, Святланы Заіка, Яўгенія Ананіча, Аляксея Краўчанкі, Вольгі Беласлудцавай, Алы Леднік, Сяргея і Ганны Рымдзёнак.
Асаблівых слоў удзячнасці заслугоўваюць ветэраны нашай галіны, якія ўнеслі значны ўклад у станаўленне і зберажэнне культуры Шаркаўшчынскага раёна — Ларыса Уладзіміраўна Якубёнак, Галіна Аляксееўна Русачонак, Ларыса Афінагееўна Лазовік, Ігар Аркадзьевіч Садоўскі, Ада Эльеўна Райчонак, Ларыса Іванаўна Марковіч, Валянціна Андрэеўна Буйка, Святлана Іосіфаўна Шантар, Аліна Эдмундаўна Яблонская, Ларыса Уладзіміраўна Майсяёнак, Зінаіда Васільеўна і Віктар Фёдаравіч Шпец, Мікалай Мікалаевіч Каплуноўскі, Ірына Генадзьеўна Кожух, Эма Вацлаваўна Сіповіч, Аліна Баляславаўна Ракоца, Леаніда Станіславаўна Ракоца, Клімянціна Антонаўна Латышонак, Марыя Андрэеўна Фомчанка, Ірына Канстанцінаўна Руткоўская, Цыліна Бярнардаўна Кундра, Зоя Уладзіміраўна Кавінька, Кацярына Аляксандраўна Аўлас, Эдуарда Вітальеўна Чарняўская, Тамара Антонаўна Руткоўская, Людміла Карнееўна Мацкевіч, Ларыса Аляксандраўна Чарняўская, Зоя Генадзьеўна Брэская, Галіна Ігнацьеўна Ломыш, Раіса Васільеўна Брэская, Любоў Сяргееўна Сырцова, Зінаіда Канстанцінаўна Машнюк, Ірэна Мечыславаўна Більдзюга, Галіна Мечыславаўна Фаміна, Ірына Віктараўна Абламава, Раіса Васільеўна Каржэцкая, Таццяна Тарасаўна і Анатолій Фёдаравіч Жалтаносавы, Дзмітрый Уладзіміравіч Лабэцкі, Ганна Іванаўна Касевіч, Марыя Чаславаўна Петухова.
Напярэдадні свята, Дня работнікаў культуры, выказваю вялікую ўдзячнасць за нялёгкую, але важную працу ўсім, хто цяпер заняты ў гэтай сферы. Няхай моцнае здароўе і сямейны дабрабыт будуць вашымі нязменнымі спадарожнікамі жыцця. Жадаю таксама матэрыяльных даброт, духоўнай гармоніі і душэўнай цеплыні! Няхай у кожнага збудуцца самыя запаветныя мары!
А. СІНІЦА,
старшыня прафсаюзнага камітэта работнікаў культуры.
