20 кастрычніка ў раёне праводзіўся адзіны дзень інфармавання насельніцтва, прысвечаны тэме “Рынак працы ў Шаркаўшчынскім раёне. Асноўныя накірункі ўдасканальвання дзяржаўнай палітыкі ў сферы садзейнічання занятасці насельніцтва”. Інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе старшыні райвыканкама Мікалая Ірынархавіча Баговіча, начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэя Мечыслававіча Федуковіча і галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Станіслава Тадэвушавіча Стомы сустрэлася з жыхарамі аграгарадка Радзюкі.
Вынікі вывучэння грамадскай думкі сведчаць пра актуальнасць пытанняў занятасці для насельніцтва. Так, па дадзеных рэспубліканскага апытання, праблема беспрацоўя займала трэцюю пазіцыю пасля росту цэн і зніжэння рэальных даходаў.
— Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сваім дакладзе на пятым Усебеларускім народным сходзе, вызначаючы стратэгію далейшага развіцця нашай краіны, назваў занятасць адным з асноўных прыярытэтных рэсурсаў эканамічнага росту, — паведаміў прысутным Мікалай Ірынархавіч Баговіч. — У органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шаркаўшчынскага раёна за садзейнічаннем у працаўладкаванні за студзень-верасень 2016 года звярнуліся 456 чалавек. З іх пастаўлена на ўлік у якасці беспрацоўных 245 чалавек. На 1 кастрычніка сёлетняга года стаялі на ўліку 62 беспрацоўныя, што на 24,4 працэнты менш, чым за аналагічны перыяд 2015 года.
У дадзены момант попыт на работнікаў, у асноўным, фарміруецца такімі відамі эканамічнай дзейнасці, як сельская гаспадарка (13 вакансій), будаўніцтва (7 вакансій), медыцына і сацыяльныя паслугі (2 вакансіі). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў нашым раёне на 1 кастрычніка 2016 года склаў 1 працэнт да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.
У межах рэалізацыі падпраграмы “Садзейнічанне занятасці насельніцтва” у Шаркаўшчынскім раёне за дзевяць месяцаў бягучага года працаўладкавана на пастаянную работу 375 чалавек, з іх 170 — беспрацоўныя. Аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 17 беспрацоўным, якія маюць дадатковыя гарантыі занятасці. Арганізавана навучанне дзесяці грамадзян. У аплачваемых грамадскіх работах прынялі ўдзел 76 чалавек. Аказана садзейнічанне аднаму беспрацоўнаму ў арганізацыі рамеснай дзейнасці з фінансавай падтрымкай шляхам прадастаўлення субсідыі.
Кіраўнік раёна таксама паведаміў, што Урадам Рэспублікі Беларусь пачата распрацоўка сістэмы страхавання ад беспрацоўя. Плануецца, што ў 2017 годзе будзе распрацаваны пакет праектаў нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць механізмы фарміравання і выкарыстання страхавога фонду.
Асноўная мэта палітыкі занятасці на 2016-2020 гады — павышэнне эфектыўнасці выкарыстання працоўнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь. Плануецца, што ў гэту пяцігодку ўзровень беспрацоўя застанецца ў межах сацыяльнага дапушчальнага значэння, якое не перавышае два працэнты да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.
У краіне пачаўся ацяпляльны сезон. Гэта значыць, што супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях бяруць пад пільны кантроль спраўнасць сістэм ацяплення ў жылым фондзе. Начальнік РАНС Андрэй Мечыслававіч Федуковіч паведаміў, што пажарныя-выратавальнікі ў дадзены момант праводзяць штодзённыя рэйды на прадмет выяўлення спраўнасці пячнога ацяплення, электраабсталявання ў дамах грамадзян населеных пунктаў раёна.
Галоўны ўрач Шаркаўшчынскай ЦРБ Станіслаў Тадэвушавіч Стома расказаў пра стан медыцынскага абслугоўвання ва ўстановах аховы здароўя раёна, пра метады абследавання насельніцтва, выяўленне і лячэнне захворванняў.
Членам інфармацыйна-прапагандысцкай групы прысутныя задавалі пытанні. На кожнае з іх быў дадзены грунтоўны і канкрэтны адказ.
Сяргей РАЙЧОНАК.