Якую прафесію можна лічыць самай ганаровай, прэстыжнай і ўшанаванай? Адказаць на гэта пытанне даволі складана. Настаўнік з маленства перадае чалавеку веды, вучыць яго разумнаму, добраму, вечнаму. Урач клапоціцца пра здароўе людзей, іх душэўны стан. Будаўнік таксама зацікаўлены ў станоўчых выніках сваёй працы і ганарыцца тым, што ўзводзіць новыя дамы, у вокнах якіх гараць агеньчыкі навасёлаў. Такіх прыкладаў можна прывесці вялікую колькасць. Але сярод усіх прафесій, напэўна, галоўнай з’яўляецца тая, дзякуючы якой мы заўсёды маем на стале свежы бохан духмянага хлеба. Людзі, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, не спяць ад зары да зары, шчыруюць дзеля харчовай бяспекі нашай краіны, заслугоўваюць нашай з вамі пашаны, глыбокай павагі і бязмежнай удзячнасці за сваю высакародную справу.
У трэцюю нядзелю лістапада ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Урачыстасць з гэтай нагоды прайшла ў пятніцу, 18 лістапада, у раённым Цэнтры культуры. Па традыцыі на свяце былі ўшанаваны перадавікі сельскагаспадарчай і перапрацоўчай вытворчасці. У фае ўстановы культуры працавалі гандлёва-выставачныя рады, дзе ў шырокім асартыменце прадставілі ўласную прадукцыю работнікі Шаркаўшчынскага кансервавага завода. Гледачы і ўдзельнікі мерапрыемства з задавальненнем набывалі тут кандытарскія вырабы. У танцавальнай зале працавала выстава вырабаў майстроў народнага клуба “Талака”.
У пачатку свята боханы духмянага хлеба ўраджаю 2016 года ўрачыста ўручылі старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалаю Ірынархавічу Баговічу, начальніку ўпраўлення райсельгасхарчу Дзмітрыю Міхайлавічу Ламаку, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргею Рычардавічу Зямчонку і старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Івану Канстанцінавічу Вазміцелю.
— Найлепшае шчасце для чалавека — раніцай з радасцю, з добрым настроем ісці на працу, а вечарам з усмешкай вяртацца дамоў, — сказаў у сваім выступленні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Рычардавіч Зямчонак. — Я жадаю вам, паважаныя працаўнікі сяла Шаркаўшчынскага раёна, новых высокіх вытворчых паказчыкаў, здзяйснення задуманых мэт і дабрабыту ў сем’ях.
Словы прывітання і віншавання аграрыям нашага раёна адрасаваў у сваім выступленні і старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель. Ён жа ўручыў Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Шаркаўшчынскага раёна першаму намесніку старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама, начальніку ўпраўлення райсельгасхарчу Дзмітрыю Міхайлавічу Ламаку. Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджаны таксама дырэктар Шаркаўшчынскага філіяла Віцебскага абласнога прадпрыемства “Віцебскаблпаліў” Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок.
Іван Канстанцінавіч Вазміцель уручыў Ганаровыя граматы Прэзідыума Савета Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства “Буеўшчына” Анатолію Ігнацьевічу Буду, галоўнаму аграному адкрытага акцыянернага таварыства “Жвіранка” Анатолію Міхайлавічу Заляцілу і вадзіцелю адкрытага акцыянернага таварыства “Даватарскі” Мікалаю Аляксеевічу Дарашчонку.
— Сельская гаспадарка для нашага раёна не толькі галіна эканомікі — гэта лад жыцця большасці насельніцтва, якое працуе ў аграрным сектары, — сказаў у сваім выступленні старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Ірынархавіч Баговіч. — Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, нам разам удалося дасягнуць пэўных мэт і станоўчых вынікаў у раслінаводчай галіне і жывёлагадоўлі. Перавыкананы дзяржаўны заказ па здачы зерня. Нарыхтвана больш, чым 106 працэнтаў кармоў да мінулагодняга ўзроўню. Вытворчасць малака з пачатку года па раёне павялічана на 108 працэнтаў.
Мікалай Ірынархавіч шчыра падзякаваў хлебаробам за іх нялёгкую, але вельмі карысную працу, пажадаў бадзёрасці духу і высокіх вытворчых паказчыкаў усім, хто мае дачыненне да гэтага свята. Затым кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і грашовыя прэміі перадавікам вытворчасці.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагародзіў Ганаровымі граматамі райсельгасхарчу лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі і ветэранаў сельгасвытворчасці.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Іванавіч Зубовіч уручыў медаль “100 год прафсаюзнаму руху Беларусі” механізатару ААТ “Даватарскі” Мікалаю Ліпскаму. Ганаровай граматай райкама прафсаюза работнікаў АПК узнагароджаны начальнік вытворчага ўчастка гэтай жа гаспадаркі Міхаіл Марозаў.
Начальнік аддзела збыту ААТ “Глыбоцкі МКК” Таццяна Барыла з нагоды прафесійнага свята ўручыла грашовыя прэміі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў “Ельня-Агра”, “Агратэхсэрвіс” і “Жвіранка” за найбольшую колькасць і высокую якасць прададзенага дзяржаве малака.
З 18 па 24 лістапада ў краіне праходзіць Тыдзень прафсаюзнай культуры. Ён уключае ў сябе правядзенне святочных канцэртаў ва ўсіх рэгіёнах краіны, у якіх прымаюць удзел лепшыя прафсаюзныя самадзейныя калектывы і асобныя выканаўцы, а таксама фіналісты конкурсаў “Новыя імёны Беларусі-2015 і 2016”. У межах святочнага мерапрыемства, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, прайшоў канцэрт “Народныя таленты табе, Беларусь!” На сцэне раённага Цэнтра культуры выступілі лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці нашага раёна, асобныя выканаўцы, майстры народных рамёстваў, якія прадставілі прафсаюзы арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе працуюць.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін уручыў юбілейны медаль “110 год прафсаюзнаму руху Беларусі” за развіццё сацыяльнага партнёрства і прафсаюзнага руху ў Шаркаўшчынскім раёне старшыні райвыканкама Мікалаю Ірынархавічу Баговічу.
Ганаровымі граматамі Прэзідыума Савета абласнога аб’яднання прафсаюзаў узнагароджаны дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Фромертас, вядучы ветэрынарны ўрач райветстанцыі Уладзімір Касцюкевіч і музычны кіраўнік ясляў-сада № 1 гарадскога пасёлка Мікалай Марозаў.
Нездарма ў народзе кажуць: “Хто добра працуе, той весела адпачывае!”. Раённая ўрачыстаць, прысвечаная працаўнікам сельскай гаспадаркі, доўжылася некалькі гадзін. Гучалі вясёлая музыка, добрыя песні, а кожны з прысутных атрымаў зарад бадзёрасці і ўзнёслага настрою.
Сяргей РАЙЧОНАК.


































































