Новы год вось-вось жаданым госцем увойдзе ў кожны дом. Каб свята атрымалася яркім і непаўторным, трэба загадзя паклапаціцца пра яго атрыбуты. І перш за ўсё пра лясную прыгажуню-ёлку, без чароўнага паху якой свята — не свята. Таму напярэдадні вельмі дарэчы будзе інфармацыя галоўнага спецыяліста інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя П. І. УСЦІНАВА аб тым, дзе можна набыць лясную госцю ў раёне, якой ён падзяліўся па нашай просьбе:
— У райцэнтры выязны гандаль ёлкамі будзе наладжаны каля рынку (насупраць аўтастанцыі) штодзённа з 9.00 да 14.00, пачынаючы з 22 снежня. Рэалізацыяй лясных прыгажунь у гарпасёлку займаюцца Дзісненскае і Полаўскае лясніцтвы. Акрамя таго, у Лужкаўскім, Новапагосцкім, Германавіцкім, Іёдскім і Полаўскім лясніцтвах жадаючыя могуць купіць ялінкі непасрэдна са складоў. Продаж ажыццяўляецца таксама пачынаючы з 22 снежня з 8.00 да 15.00 (перапынак на абед з 12.00 да 13.00).
Насельніцтва, вядома ж, цікавіць кошт. Вышынёй да 1 метра ёлка будзе каштаваць 22 тысячы рублёў (на складзе — 18.000 руб.), ад 1 метра да 2-х — 30 тысяч (на складзе — 24.000), ад 2-х да 3-х — 50 тысяч (на складзе — 36.000), ад 3-х да 4-х — 70 тысяч (на складзе — 54.000). Лясную прыгажуню ад 4-х да 5-ці метраў вышынёй можна набыць за 90 тысяч рублёў, непасрэдна ў лясніцтвах яна будзе каштаваць 72.000. Сёлета шаркаўчане маюць магчымасць набыць навагодні букет, які будзе каштаваць 5 тысяч рублёў.
Акрамя гэтага, прыгожы сімвал Новага года рэалізуе і раённае спажывецкае таварыства. Як паведаміла начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Ж. П. ВАСЮЦЁНАК, ёлачкі прапануюць два магазіны ў райцэнтры — мэблевы і гаспадарчыя тавары. Вулічны гандаль будзе наладжаны каля гаспадарчых тавараў, а таксама на ўваходзе на цэнтральны рынак.
Людміла ЛАТЫШОНАК
