Шаркаўшчынскія таэквандысты вярнуліся з перамогамі з адкрытага Кубка Віцебскай вобласці

Спорт

Дар'я Машара
Дар’я Машара

Пры падтрымцы бацькоў таэквандыстаў і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама 15 нашых юных спартсменаў у канцы лістапада змаглі прыняць удзел у адкрытым Кубку Віцебскай вобласці, у якім спаборнічалі лепшыя спартсмены Беларусі, Латвіі і Расіі. Для многіх дзяцей гэта былі першыя выязныя спаборніцтвы. Тым не менш Ягор Рашэтнікаў, Яраслаў Ваштай, Павел Жукаў выйгралі свае першыя паядынкі і паспяхова прайшлі «баявое хрышчэнне»! Ну а сапраўдны прарыў ва ўзроставай групе хлопчыкаў 2007-2008 гадоў нараджэння здзейсніў вучань 4-га класа Шаркаўшчынскай СШ №1 Аляксандр Філіпёнак, які па чарзе вельмі відовішчна і ярка атрымаў перамогі над віцебскім, мінскім і двума расійскімі спартсменамі. Яго першае месца стала годнай узнагародай за пераадоленне ўсіх перашкод на шляху да пастаўленай мэты. Трэба сказаць, што бацькі Аляксандра 5 разоў на тыдзень прывозяць яго на трэніроўкі ў Шаркаўшчыну з-пад Германавіч.

Аляксандр Філіпёнак
Аляксандр Філіпёнак

У старэйшай узроставай групе 2002-2004 гадоў нараджэння ў Івана Хаданёнка ў актыве адзін выйграны паядынак. Іван Кожан адзначыўся дзвюма вікторыямі, мог пераможна завяршыць і трэці паядынак, але не хапіла аднаго бала. У выніку два Івана заваявалі бронзавыя медалі. Іх падтрымаў і Данііл Ландышка.

Выдатна выступіла вучаніца 9-га класа Шаркаўшчынскай СШ №1 Даша Машара. Усе яе саперніцы былі практычна на галаву вышэй, але гэта не бянтэжыла нашу лепшую юную шаркаўшчынскую спартсменку. Свой першы паядынак з мінчанкай яна завяршыла з лікам 10-1. У другім зрынула віцебскую таэквандыстку — 5-1. А вось у фінале са смаленскай таэквандыстскай нам давялося пахвалявацца. Два раунды скончыліся нічыйным лікам. У канцы трэцяга расіянка вяла з лікам 2-0 і ўжо відавочна ў думках прымярала чэмпіёнскую карону. Але трэба ведаць Дашу, якая, нават нягледзячы на адсутнасць належнай спаборніцкай практыкі, заўсёды змагаецца да канца. Вось  і тут, выканаўшы свой каронны тэхнічны прыём з разваротам праз спіну, яна ўляпіла пятку ў электронны жылет саперніцы — і табло манітора камп’ютара на апошняй секундзе паядынку высвеціла ёй 3 бала і жаданае першае месца. Такім чынам, на гэтых спаборніцтвах Даша пацвердзіла свой тытул кандыдата ў майстры спорту.

У другі дзень мераліся сіламі хлопчыкі і дзяўчынкі 2005-2006 гадоў нараджэння. Наша Юлія Кожан (Шаркаўшчынская СШ №1), якая выступала ў вагавой катэгорыі да 36 кілаграмаў, заваявала бронзавы медаль, а вучань 6-га класа першай школы Ілля Асятроў заняў 1-е месца. Яго фінальны паядынак шмат у чым нагадваў Дашын. Роўная барацьба, рызыкоўныя дзеянні ў 3-м раундзе прывялі да пройгрышу двух балаў, але дзякуючы байцоўскаму характару і ўменню ўключаць галаву на апошніх секундах сустрэчы Ілля праводзіць прыгожы тэхнічны прыём па электронным шлеме саперніка, што і  выводзіць яго ў лідары.

Ілля Асятроў
Ілля Асятроў

Палова шаркаўчан вярнулася з турніру з узнагародамі. Улічваючы невялікую спаборніцкую практыку, гэты вынік можна назваць годным. Мы віншуем нашу каманду таэквандаінаў з паспяховым выступленнем і жадаем будучых перамог.

І. ІВАНОЎ,

кіраўнік гуртка таэквандо, чорны пояс 3 дан



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *