Маці… Прачытаўшы гэта слова, напэўна кожны ўявіў твар сваёй матулі: прыгожы, любімы, родны. І яе ўсмешку, што як прамень сонейка, кожны дзень сагравае душу і сэрца. А яшчэ яе рукі: ласкавыя, пяшчотныя, цёплыя. А якія словы прыходзяць у галаву, калі думаем пра маці? Напэўна, не кожны з нас успамінае слова “дзякуй”. Дзякуй за ласку, дабрату, любоў, за тое, што падаравала жыццё. Дзякуй…
А ці ўспамінае хто-небудзь слова “прабач”? Прабач за слёзы, за крыўды, за кожны сівы валасок на тваёй галаве. Прабач…
Мы рэдка кажам гэтыя словы, амаль ніколі. Але ж мы павінны памятаць, што ў жыцці можа здарыцца што заўгодна, і калі захочаш сказаць тое, што яшчэ не сказана, можа быць ужо вельмі позна.
Так здарылася, што не так даўно памерла маці маёй матулі — мая бабуля Надзея. Яна была вельмі добрым, велікадушным чалавекам, цудоўнай мамай, найлепшай бабуляй. Дзяцінства яе было нялёгкім. Выхаваннем маленькай Надзеі займалася яе матуля. Бацька бабулі прапаў без вестак на вайне. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна вырасла годным чалавекам. Выйшла замуж, нарадзіла трох дзяцей: сыноў Андрэя і Сяргея, і малодшую дачушку Аню — маю маці. Гэта выхаваныя, добрыя людзі, кожны з іх мае сям’ю, дзяцей.
А як бабуля Надзея любіла сваіх унука і ўнучак! Толькі забаліць горла, яна тут жа спяшалася на дапамогу з чаем, рознымі лячэбнымі травамі і салодкім мёдам. Калі прыязджалі да яе ў госці, з самага ганку ў хату вабіў прыемны пах смачных страў. А калі проста было дрэнна на душы, імкнулася дапамагчы ўсім, чым магла — і добрым словам, і справай. Амаль усё жыццё яна аддала сваім дзецям і ўнукам.
Але ўсё на зямлі не вечна. Напрыканцы вясны, у дзень вялікага свята Сёмухі (Троица), не стала на свеце клапатлівай бабулі, любімай маці і жонкі. Сонечны і цёплы дзень у адзін момант стаў для ўсіх членаў нашай сям’і хмурным. У гэты дзень я бачыла слёзы на вачах тых людзей, якія заўсёды ішлі па жыцці з усмешкай. Бачыла як было балюча дзецям маёй бабулі і дзядулю, як цяжка было нам, яе ўнукам. У гэты дзень усе ўспаміналі словы, якія засталіся не сказанымі ёй. А так хацелася б іх сказаць…
“Што мы маем — не беражом, а калі страцім — плачам”. Сапраўды, так і ёсць: тое, што мы маем — не беражом, а калі ўжо страцім, то толькі тады разумеем, якое мы “багацце” мелі і як гэта “багацце” не цанілі, не бераглі. Ніхто не ведае, што можа здарыцца заўтра, ці праз год, ці праз дзесяць, але мы павінны памятаць, што нічога вечнага не існуе ў жыцці. І калі ёсць словы, якія яшчэ не сказаны, крыўды, якія не прабачаны, дзеянні, за якія мы не падзякавалі, спяшайцеся ўсё сказаць, прабачыць, падзякаваць…
Анастасія АРСОБА,
вучаніца 11 “Б” класа Шаркаўшчынскай СШ № 1

Это действительно так. Для того заметку и написала,что бы разбудить в сердцах людей любовь к близким.
Спасибо Настя за хорошую заметку и за «науку». Все мы это понимаем, но часто поздно…