Магазін “Ваш выбар” запрашае рабіць навагоднія пакупкі

Актуальное

загадчыца магазіна “Ваш выбар” Ірына Юльянаўна Ляскоўская
загадчыца магазіна “Ваш выбар” Ірына Юльянаўна Ляскоўская

З самага пачатку снежня святочнае афармленне большасці гандлёвых аб’ектаў нагадвае нам, што набліжаюцца Каляды і Новы год — самыя чаканыя і любімыя зімовыя святы. Мяняецца аблічча магазінаў, у гандлёвых залах вырастае цэлы лес ёлак, упрыгожаных навагоднімі цацкамі, усюды мішура, сотні навагодніх гірляндаў асвячаюць вуліцы, а прыгожа аформленыя вітрыны нагадваюць нам пра акцыі і разнастайныя скідкі.

Некаторыя прыемныя бонусы да свята жыхарам і гасцям нашага раёна падрыхтавалі таксама і работнікі спажывецкай кааперацыі. Як адзначыла падчас размовы з карэспандэнтам начальнік аддзела арганізацыі гандлю філіяла “Шаркаўшчынскі кансервавы завод” УП “Полацкая ўніверсальная база” Людміла Данілаўна Лагунёнак, даволі шмат прыемных сюрпрызаў прапануе сваім наведвальнікам магазін “Ваш выбар”, размешчаны насупраць рынку. На працягу ўсяго снежня ў гэтым гандлёвым аб’екце праходзіць акцыя “Тавар дня”, і ў залежнасці ад таго, які гэта дзень тыдня, прадугледжваецца продаж па зніжаных цэнах такіх тавараў, як пледы, карціны, сувеніры, дзіцячыя веласіпеды, цацкі, парфумерыя. Скідка на “Тавар дня” складае 10 працэнтаў.

У залежнасці ад пажаданняў пакупнікоў супрацоўнікі магазіна  камплектуюць і прыгожа афармляюць навагоднія падарункі да свята. Акрамя гэтага, у магазіне “Ваш выбар” ажыццяўляецца продаж складанабытавой тэхнікі (параваркі, кухонныя камбайны, электрамясарубкі) без гандлёвых надбавак (гэта значыць, па цэнах вытворцы). Напярэдадні Новага года “Ваш выбар” прапануе дзіцячыя карнавальныя касцюмы напракат.

У гэтым жа гандлёвым аб’екце у пакупнікоў ёсць магчымасць набыць неабходны тавар у крэдыт, які выдаецца на 3 месяцы без працэнтаў і без першапачатковага ўзносу, на суму да 300 рублёў. Круглы год кожную пятніцу ў магазіне праходзіць акцыя “Дзень імянінніка”. Яе сутнасць у наступным. Пры пакупцы тавараў на суму звыш 50 рублёў імяніннік месяца пры прад’яўленні пашпарта атрымлівае скідку 15 працэнтаў.

У цяперашні час гандлёвыя прадпрыемствы, што ўваходзяць у сістэму спажывецкай кааперацыі, прымаюць заказы ад насельніцтва на выраб святочных тортаў і іншай кандытарскай прадукцыі. А міні-кафэ “Піцэрыя”, кафэ “Сустрэча” (Шаркаўшчына) і міні-кафэ “Міраж” (аграгарадок “Буеўшчына”)  запрашаюць усіх жадаючых правесці навагоднія святы ў прадпрыемствах грамадскага харчавання. Прымаюцца заказы на абслугоўванне.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *