Рэспубліканскі форум «Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці рэгіянальнага партнёрства»

Актуальное

міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л. С. Ананіч і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М. С. Орда
міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л. С. Ананіч і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М. С. Орда

Больш за сто журналістаў  з усёй Беларусі 13-14 снежня прынялі ўдзел у рэспубліканскім форуме, арганізатарамі якога выступілі Міністэрства інфармацыі нашай краіны і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Два дзяржаўныя ведамствы ўпершыню арганізавалі адкрытую пляцоўку для наладжвання дыялога і абмену вопытам паміж прафсаюзамі і рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі.

Двухдзённае мерапрыемства прадугледжвала не толькі пленарныя пасяджэнні, але і культурна-асветніцкую праграму. У самым пачатку журналісты наведалі тэатралізаваную пастаноўку “Сем таямніц Беларусі”, якая дэманстравалася ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Гэты гісторыка-мастацкі праект рэалізаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Палацам культуры прафсаюзаў. Пастановачная дзея дазволіла гледачам акунуцца ў глыбіню стагоддзяў і даведацца пра скарбы нашай краіны. Артысты змаглі паказаць гледачу тое, што дорага беларусам, тое, што яны самааддана любяць. Тут успомнілі старажытнае свята Купалле і таямнічыя легенды, расказалі пра аўтэнтычныя беларускія святы, а таксама пра знакамітых асоб, якімі ганарыцца наша краіна. Аўтары пастаноўкі паказалі, чым славіцца Беларусь, а гэта — традыцыі, абрады, гісторыя, культура,і, канечне ж, людзі, якія тут жывуць.

Напрыканцы першага дня для ўдзельнікаў форуму спецыялісты дзяржаўнай установы “Беларустурыст”, якая падпарадкоўваецца Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, правялі аглядную экскурсію па праспектах і вуліцах нашай сталіцы, а таксама пазнаёмілі з мінулым і сучасным горада Мінска. Аўтобуснае падарожжа было вельмі захапляльным і відовішчным, бо менавіта ў сярэдзіне снежня сталіца краіны ў вячэрні час стала аздобленай рознакаляровымі агнямі напярэдадні навагодніх свят.

На наступны дзень у Доме прафсаюзаў прайшло пленарнае пасяджэнне з удзелам міністра інфармацыі краіны Ліліі Станіславаўны Ананіч і старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Сяргеевіча Орды.

— Сёння Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вядзе актыўную работу па самых важных для работнікаў пытаннях, якія адносяцца да захавання асобных працоўных калектываў, своечасовай выплаты заработнай платы і іншага, — адзначыў Міхаіл Сяргеевіч. — Так, за першае паўгоддзе 2016 года пры непасрэдным удзеле прафсаюзных юрыстаў па працы было вернута ў дзяржаўны бюджэт 17 мільярдаў недэнамініраваных рублёў, якія ў свой час аказаліся незаконна ўтрыманымі наймальнікамі ў працаўнікоў. І ў кожным з гэтых выпадкаў стаіць няпростая гісторыя чалавека, якому мы змаглі своечасова дапамагчы.

Таксама Міхаіл Сяргеевіч Орда расказаў пра некаторыя ініцыятывы прафсаюзаў, якія атрымалі развіццё ў гэтым годзе. Сярод іх — неабходнасць павелічэння грашовай выплаты па беспрацоўі, а таксама ўвядзенне дадатковых мер абароны для той катэгорыі работнікаў, якія працуюць на кантрактнай аснове. Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі выказаў упэўненасць у тым, што працягам дадзенай сустрэчы стане цеснае супрацоўніцтва ФПБ і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Тым самым, у рэгіёнах краіны з’явіцца больш інфармацыі пра чалавека працы і ўсё, што яго хвалюе.

Міністр інфармацыі Лілія Станіславаўна Ананіч сказала, што менавіта рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі ў найбольшай ступені могуць ведаць праблемы сваіх рэгіёнаў і, самае галоўнае, усебакова паказваць, як сёння вырашаюцца пытанні сацыяльнай палітыкі ў краіне. “Вельмі важна, каб была цесная сувязь паміж сродкамі масавай інфармацыі, грамадствам і дзяржавай”, — падкрэсліла Лілія Станіславаўна.

У час пленарнага пасяджэння журналісты з рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі цікавіліся перспектывамі супрацоўніцтва Міністэрства інфармацыі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў надыходзячым годзе, а таксама іншымі пытаннямі ў дадзеным накірунку.

На форуме пабываў Сяргей РАЙЧОНАК

img_4425 img_4460 img_4462 img_4466 img_4470 img_4479 img_4494 img_4498



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *