Каляды і Новы год — незвычайная пара, напярэдадні гэтых святаў асабліва хочацца зрабіць штосьці добрае, падарыць акружаючым, а тым больш дзецям, радасць і добры настрой. У гэтым упэўнены прадстаўнікі раённага камітэта БРСМ і пярвічнай арганізацыі маладзёжнага аб’яднання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Па ініцыятыве моладзі ў рамках акцый “Цуды на Новы год” і “Бяспечны Новы год” дзяцей, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў педыятрычным аддзяленні ЦРБ, з падарункамі наведалі Дзед Мароз і Снягурачка. Яны павіншавалі маленькіх пацыентаў з навагоднімі святамі, правялі для іх некалькі конкурсаў на тэму супрацьпажарнай бяспекі і ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія пачастункі. А ў самім аддзяленні Дзед Мароз і Снягурачка пакінулі дартс і некалькі настольных гульняў — з імі час у бальніцы праляціць значна хутчэй. Арганізавалі і правялі дабрачынную акцыю першы сакратар раённага камітэта БРСМ Юлія Протас і інспектар нагляду і прафілактыкі РАНС Дзмітрый Катовіч.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ

