— Вельмі хачу стаць алімпійскім чэмпіёнам, — сказаў аднойчы былы вучань Радзюкоўскай базавай школы, а цяпер навучэнец Наваполацкай школы алімпійскага рэзерву Антон Більдзюга. — З самага дзяцінства гэта мара крочыць са мной побач.
Антону пятнаццаць год, але ён ужо мае мноства спартыўных перамог. З дзяцінства юнак захапляецца лёгкай атлетыкай, у прыватнасці, спартыўнай хадзьбой. Будучы вучнем Радзюкоўскай БШ, ён наведваў заняткі ў дзіцячай юнацкай спартыўнай школе ў трэнера Сяргея Іванавіча Вашкеля. Таленавіты педагог змог разгледзець у Антоне будучага спартсмена — і не памыліўся. Цяпер Антон Більдзюга вучыцца ў дзясятым класе Наваполацкай школы алімпійскага рэзерву. За плячамі юнака мноства разнастайных перамог у спартыўных спаборніцтвах. Толькі за мінулы год Антон змог заваяваць ажно 18 (!) медалёў рознай вартасці на абласных і рэспубліканскіх лёгкаатлетычных спаборніцтвах, стаць чэмпіёнам Беларусі па спартыўнай хадзьбе.
Сёлета шаркаўчанін рыхтуецца да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах, а гэта, па словах маладога спартсмена, чарговая прыступка да яго запаветнай мары — удзелу ў алімпійскіх гульнях. Застаецца пажадаць нашаму земляку здзяйснення задуманага і пакарэння спартыўных вышынь.
Сяргей РАЙЧОНАК.

