
Значная частка насельніцтва нашага рэгіёна — гэта пажылыя людзі, якія па стану свайго здароўя ўжо не могуць разлічваць на ўласныя сілы і часта спадзяюцца на дапамогу дзяцей, унукаў, сваіх блізкіх. Але калі жыццё распарадзілася так, што на старасці год роднага чалавека не аказалася побач, не варта адчайвацца — супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва не пакінуць састарэлага чалавека без увагі. Менавіта ў гэтай установе працуюць людзі, для якіх аказанне дапамогі пажылым і адзінокім стала не толькі прафесіяй, але і неад’емнай часткай жыцця.
Заўтра, 5 студзеня, у краіне адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні ў гэты дзень будуць адрасаваны і сацыяльным работнікам, якія на тэрыторыі нашага раёна абслугоўваюць на даму амаль 400 чалавек.
Як паведаміла загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Алена Мікалаеўна НОВІКАВА, лепшымі работнікамі надомнага абслугоўвання з’яўляюцца Таццяна Яўгенаўна Савік, Таццяна Міхайлаўна Квач, Марыя Адамаўна Ананіч, Таццяна Васільеўна Фёдарава, Людміла Апалінар’еўна Ардынская, Наталля Зыгмундаўна Зінкевіч, Валянціна Анатольеўна Шуман, Таццяна Мефодзьеўна Рымдзёнак і іншыя. Усяго ж прадстаўнікоў гэтай прафесіі на тэрыторыі раёна налічваецца 50 чалавек. Большасць з іх заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці ў свой адрас. Чулыя, спагадлівыя, неабыякавыя да чужой бяды людзі — яны і сферу дзейнасці для сябе абралі адпаведную, у аснове яе — канкрэтная дапамога чалавеку. Два або тры разы на тыдзень наведваюць сацыяльныя работнікі кожнага свайго падапечнага, дастаўляюць у дом ваду, прадукты харчавання, лякарствы, дапамагаюць прыбраць у кватэры, выконваюць іншыя хатнія справы.
Ніколі не пакіне пажылога чалавека без увагі, заўсёды падбадзёрыць, падтрымае, дапаможа і добрым словам і канкрэтнай справай сацыяльны работнік з вёскі Гарадзец Таццяна Яўгенаўна Савік. У сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва жанчына працуе ўжо 15 гадоў, на яе абслугоўванні 9 жыхароў Лужкаўскага сельскага Савета. Таццяна Яўгенаўна — самы вопытны і, бясспрэчна, адзін з лепшых сацыяльных работнікаў раёна.
Яе калега — Таццяна Міхайлаўна Квач працуе на тэрыторыі Станіславоўскага сельскага Савета, аказвае дапамогу 11-ці пажылым людзям з вёсак Агальніца, Сямёнавічы і Жукоўшчына. У якасці сацыяльнага работніка жанчына працуе на працягу 8 гадоў і для сваіх падапечных гэты чалавек заўсёды з’яўляецца самым жаданым госцем.
Дзейнасць сацыяльнага работніка няпростая,прызнаюцца самі жанчыны, але зараз ужо не ўяўляюць без гэтай справы свайго жыцця. Напэўна таму, што добра ўсведамляюць значнасць сваёй прафесіі і адчуваюць адказнасць за тых людзей, якія за доўгія гады сталі амаль што роднымі.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
